пасе́яны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пасеяць.
пасе́яцца, ‑сеецца; зак.
1. Упасці, трапіць у зямлю і прарасці. З альшэўнікам тут пасеяліся маладыя рабіны, і цяпер ім цяжка ад сваіх ягад. Пташнікаў.
2. перан. Узнікнуць, узбудзіцца ў кім‑н.
пасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.
1. Рассыпаючы, укінуць зерне, насенне ў зямлю для вырошчвання. У суботу зранку выехала [Зося] з бацькам пасеяць грэчку. Гартны. Тут мяркуецца пасеяць травы і стварыць культурную пашу. Дуброўскі. // Засеяць зернем, насеннем. — Мы раім людзям прыязджаць лепш увесну, насупраць цяпла. Адразу можна пасеяць лапік які пшаніцы і мець свой хлеб. Пальчэўскі. // Спец. Змясціць мікраарганізмы ў пажыўнае асяроддзе для размнажэння.
2. перан. Выклікаць, узбудзіць у кім‑н. якое‑н. пачуццё, перажыванне. Язэпу трэба было ісці. Але неяк цяжка было зрабіць першы крок, асабліва цяпер, калі гэты доўгі, цыбаты чалавек пасеяў у душы трывогу... Асіпенка. Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое, што пераканаў яго, а пасеяў сумненні. Шыцік.
3. перан. Разм. Згубіць. Хаця б.. Валынец шапку дзе па дарозе не пасеяў? Лобан.
4. Разм. Пачаць ісці, сеяць (пра дробны дождж, снег).
пасёлак, ‑лка, м.
Населены пункт гарадскога тыпу. Рыбацкі пасёлак. Чыгуначны пасёлак. □ З навін у Чмараве тое, што нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. Увесь пасёлак разросся, абзеляніўся і нагадвае далекаваты прыгарад. Кулакоўскі. Амяльян агібае хутаркі і пасёлкі, выбірае глухія дарожкі і сцежкі. Колас.
пасёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Паесці чаго‑н. рэдкага, сёрбаючы. Язэпка пасёрбаў гарачай заціркі і заспяшаўся са зборамі. Якімовіч. [Васіль] пасёрбаў баршчу так, для прыліку, каб матка не гаварыла нічога, хутчэй вылез з-за стала, выйшаў на двор. Мележ.
пасёрбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Сёрбаць час ад часу.
пасіва́цыя, ‑і, ж.
Спец. Тое, што і пасівіраванне.
[Ад лац. passivus — нядзейны, пасіўны.]
пасіве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пасівеў, стаў сівым. Лявон Амелька, маладжавы чалавек, але пасівелы ўжо, быў сур’ёзны і па натуры спагадлівы. Чарнышэвіч. Сярод пасажыраў вылучаўся адзін дзядзька — з сівенькай бародкай кліночкам, з пасівелымі невялікімі вусамі. Пестрак. Над студнямі як стаялі, так і стаяць пасівелыя ад моху асверы, задраўшы ўгору свае дзюбы-вочапы. Машара.
пасіве́нне, ‑я, н.
Працэс і стан паводле знач. дзеясл. пасівець.
пасі́вераны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пасівераць.