Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наква́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. наквашваць — наквасіць.

наква́швацца, ‑аецца; незак.

Зал. да наквашваць.

наква́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наквасіць.

на́квець, ‑і, ж.

Абл. Кветкі, якія пачынаюць распускацца; цвіценне раслін. Падымае наквець сонны бэз, Каб сказаць, што кветак будзе многа. Шушкевіч. Вятры шумяць у полі, І дрэмле ў наквеці На схонах ніў сяло. Трус.

накда́ўн, ‑а, м.

Стан баксёра ў час бою, калі ён, будучы збітым на падлогу, можа на працягу 10 секунд падняцца і працягваць бой.

[Англ. knock-down.]

наківа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Пагразіць, ківаючы пальцам. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку [пан] знойдзе і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.

2. перан. Прабраць. [Яраш] сам працаваў з манцёрамі і мантажнікамі вечарамі. Плаціў ім прэміяльныя са сваёй кішэні. За гэтае дзівацтва яму ўжо неяк раней наківалі на партбюро. Шамякін.

на́кід, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накідаць (у 3 знач.).

2. ‑а. Малюнак, чарцёж і пад., які намячае толькі агульныя рысы таго, што павінна быць паказана. Накіды да партрэтаў. Накіды краявідаў. □ Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. Графіка Ю. Нэпа нам не вядома; сёння ў мастацкіх музеях рэспублікі няма ніводнага яго малюнка ці нават накіда, графічнага эскіза. Шматаў. // Тое, што напісана папярэдне, у агульных рысах. Накід артыкула. □ [Лабановіч] зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы. Колас.

накі́даны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накідаць.

накі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Стаміцца, кідаючы.

накіда́цца 1, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да накінуцца.

2. Зал. да накіда́ць ​1.

накіда́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да накіда́ць ​2.

накі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Кінуць у некалькі прыёмаў нейкую або вялікую колькасць чаго‑н. Накідаць камення. □ Забілі [хлапчукі] дзве палі, палажылі бервяно, накідалі каля яго камення і засыпалі жвірам, каб вада не размыла. Пальчэўскі.

2. Кідаючы што‑н. куды‑н., напоўніць, накласці. Накідаць кошык бульбы. Накідаць воз сена. □ [Ладагубец і Барашкін] удвух накідалі шыхту і пагналі ваганетку ў цэх. Савіцкі.

3. Скласці ў агульных рысах. Накідаць план работы. // Хутка, наспех напісаць, намаляваць, начарціць. □ [Шутаў] хутка накідаў алоўкам некалькі слоў, напісаў свой адрас. Мележ. Косця ўзяў ліст чыстай паперы і алоўкам накідаў просты чарцёж крана, разбіўшы яго на асобныя вузлы. Шыцік.

накіда́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накінуць.

накіда́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накі́даць (у 2 знач.).