накі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Кінуць у некалькі прыёмаў нейкую або вялікую колькасць чаго‑н. Накідаць камення. □ Забілі [хлапчукі] дзве палі, палажылі бервяно, накідалі каля яго камення і засыпалі жвірам, каб вада не размыла. Пальчэўскі.

2. Кідаючы што‑н. куды‑н., напоўніць, накласці. Накідаць кошык бульбы. Накідаць воз сена. □ [Ладагубец і Барашкін] удвух накідалі шыхту і пагналі ваганетку ў цэх. Савіцкі.

3. Скласці ў агульных рысах. Накідаць план работы. // Хутка, наспех напісаць, намаляваць, начарціць. □ [Шутаў] хутка накідаў алоўкам некалькі слоў, напісаў свой адрас. Мележ. Косця ўзяў ліст чыстай паперы і алоўкам накідаў просты чарцёж крана, разбіўшы яго на асобныя вузлы. Шыцік.

накіда́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накінуць.

накіда́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накі́даць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)