Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зацьме́нне, ‑я, н.

Астранамічная з’ява, калі адно нябеснае цела або яго цень закрываюць другое нябеснае цела. Зацьменне Сонца. Зацьменне Месяца.

зацьмі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.

1. Засланіўшы сабою, зрабіць нябачным, непрыметным. Хмары зацьмілі сонца. □ Здаецца, свет звузіўся вакол цябе, шэрань зацьміла далягляд, і паветра насыпана пераднавальнічнымі подыхамі. Хадкевіч. // Пазбавіць магчымасці бачыць. Густы туман зацьміў вочы, і нейкі час Лагуцька ступаў наўгад, вобмацкам. Сіняўскі.

2. перан. Перавысіць каго‑н. сваімі якасцямі, заслугамі, адсунуць на задні план. Фельдфебель не мог адразу ачуняць ад такога геройства бацькі і зацьміць яго прыкладам яшчэ большай мужнасці. Брыль.

3. перан. Пазбавіць яснасці, зацямніць. Зацьміць розум.

зацьмява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зацьміць.

зацэментава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Накрыць цэментам. Зацэментаваць падлогу.

зацюга́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць цюгакаць.

зацюкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Спец. Звязаць у цюк (цюкі); спакаваць. Зацюкаваць сена. Зацюкаваць салому.

зацю́каны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацюкаць.

2. у знач. прым. Запужаны, забіты; затуканы. І шкода пакідаць сваю хату, абжытую і цёплую; шкода маўклівай зацюканай маці. Грахоўскі.

зацю́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм.

1. Забіць ударамі.

2. перан. Давесці да атупення; затукаць. Зацюкаць чалавека.

зацю́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць цюкаць.

зацюко́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да зацюкоўваць.

зацюко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зацюкаваць.