залі́вісты, ‑ая, ‑ае.
Гучны, пералівісты, з бесперапыннымі пераходамі з аднаго тону ў другі. Залівісты смех. □ Астап прачнуўся ад залівістага сабачага брэху. Лынькоў. Праз адчыненае акно пачуўся залівісты звон школьнага званка. Васілеўская.
залі́заны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад залізаць.
2. у знач. прым. Разм. Які мае празмерна акуратны знешні выгляд; прылізаны. Трохі не падабаўся.. [камандзір] хлопцам, быў залішне залізаным — у форме, у абыходжанні з людзьмі. Лынькоў.
заліза́ць, ‑ліжу, ‑ліжаш, ‑ліжа; зак., што.
1. Лізаннем ачысціць, загаіць. Залізаць рану.
2. Разм. Прычасаць, прыгладзіць языком поўсць (пра жывёлу). // перан. Вельмі гладка прычасаць. Залізаць валасы.
залі́звацца, ‑аецца; незак.
Зал. да залізваць.
залі́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да залізаць.
залі́к, ‑у, м.
1. Від праверачных іспытаў у вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, у спартыўных практыкаваннях і пад. Да канца заняткаў засталося два месяцы, а там залікі. Колас. // Разм. Адзнака аб праходжанні такіх іспытаў. Атрымаць залік.
•••
У залік (не ў залік) — прымаецца (не прымаецца) пад увагу. Язык — не ў залік, ты мне справу дай. Прыказка.
заліко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да заліку, звязаны з залікамі. Заліковая сесія.
•••
Заліковая кніжка гл. кніжка.
залілаве́ць, ‑ее; зак.
1. Вылучыцца ліловым колерам, паказацца (пра што‑н. ліловае).
2. Стаць ліловым.
заліне́йны, ‑ая, ‑ае.
Размешчаны за чыгуначнай лініяй. Залінейны раён горада.
заліпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заліпнуць.