заканфу́зіцца, ‑фужуся, ‑фузішся, ‑фузіцца; зак.
Разм. Пачаць канфузіцца.
зака́нчвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да закончыцца.
2. чым. Мець сваім канцом, на сваім канцы што‑н. Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора.. і заканчвалася маяком. Самуйлёнак.
3. Зал. да заканчваць.
зака́нчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да закончыць.
заканчэ́нне, ‑я, н.
1. Давядзенне да канца, завяршэнне чаго‑н. Пасля заканчэння дзесяцігодкі Ніна паступіла ў медінстытут. Шахавец. Гэта нічога, што заканчэнне дома адклалася. Чорны. // Надыход канца, сканчэнне (пра час, тэрмін). Заканчэнне тэрміну дагавору.
2. Заключная частка, канец чаго‑н. Заканчэнне рамана ў наступным нумары часопіса.
зака́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць канькаць.
закапа́ны і зако́паны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад закапаць.
•••
Вось (вот) дзе сабака закапаны гл. сабака.
зака́пацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Запэцкаць сябе каплямі чаго‑н.; абкапацца. Закапацца фарбай.
закапа́цца 2, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.
1. Схавацца, змясціўшыся ў выкапанае паглыбленне або засыпаўшы сябе чым‑н. зверху. Закапацца ў салому. Закапацца ў снег. // перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе, рабоце. З галавой закапаўся ў канспекты і падручнікі. □ І наш Варлен.. За навуковую работу ўзяўся: Даведнікаў за сотню перарыў, У кнігі з галавою закапаўся. Маеўскі.
2. перан. Разм. Маючы многа якой‑н. работы, не паспець яе своечасова выканаць. [Насці] хацелася пагаварыць, але Кузьме не было часу, бо ён закапаўся ў сваёй рабоце. Колас.
зака́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Запэцкаць каплямі чаго‑н.; абкапаць. Закапаць сукенку чарнілам.
2. Ка́паючы, увесці куды‑н. (лякарства). Ідучы на работу, мама загадала мне: — Вова, у дванаццаць гадзін закапаеш Наташы вочы. Васілевіч.
зака́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць капаць.
закапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.
1. Паклаўшы ў паглыбленне, засыпаць, закідаць чым‑н. зверху. Асноўную сваю маёмасць перад ад’ездам у лес закапалі ў зямлю. Залескі. — А дзе ж вы падзелі грошы? — Закапалі, бацюшка, у стайні, каля другога стойла. Якімовіч.
2. перан. Разм. Паклёпамі, даносамі падвесці пад абвінавачванне. — Ах, паслугач панскі, глядзі ты — чалавека хацеў закапаць... Але вось сам няхай цяпер гэтага хлеба паспытае. Чарот.
3. Засыпаць, зараўнаваць што‑н. Закапаць яму. Закапаць роў.
зака́пванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. закапваць — зака́паць 1 (у 2 знач.).
зака́пвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да закапваць.