заблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. У беспарадку пераплесці, перавіць, зблытаць (ніткі, валасы і пад.). Заблытаць ніткі. □ [Алесь] ледзь адвязаў вяроўку ад Патапчыкавага воза, заблытаў яе, потым доўга разблытваў. Чарнышэвіч.
2. перан. Увесці ў зман, збіць з толку. Коціцца плётка ад хаты да хаты, намотваецца ў кожнай хаце што-небудзь новае на яе. Расце клубок, павялічваецца, пагражае заблытаць .. Надзю. Галавач.
3. Зрабіць цяжкім для разумення, ускладніць. Заблытаць справу. // Дапусціць многа памылак, недакладнасцей. Заблытаць разлікі.
4. Разм. Уцягнуць каго‑н. у якую‑н. непрыемнага справу. Заблытаць у непрыемную гісторыю.
•••
Заблытаць сляды — змяніўшы напрамак руху, збіць са следу, прымусіць згубіць след. Каб заблытаць след,.. [Саша] крута павярнуў налева, міма руін. Новікаў.
заблы́тванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заблытваць — заблытаць.
заблы́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заблытацца.
2. Зал. да заблытваць.
заблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заблытаць.
забля́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць блямкаць.
забляя́ць, ‑яе; зак.
Пачаць бляяць. // Прабляяць. Недзе зусім блізка забляяла авечка, потым закрычалі гусі. С. Александровіч.
забо́жкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць божкаць.
забо́й 1, ‑ю, м.
Канец горнай выпрацоўкі, штольні, дзе здабываюцца карысныя выкапні. Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак.
забо́й 2, ‑ю, м.
Забіванне, зарэз жывёлы для прамысловых мэт. Забой жывёлы.
забо́йнасць, ‑і, ж.
Спец. Сіла дзеяння (снарада, кулі). Забойнасць куль.
забо́йны 1, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для забою 1, для працы ў забоі. Забойны механізм.
забо́йны 2, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для забою 2. Забойны цэх.
2. Які дзейнічае смяртэльна, забівае насмерць. Забойная сіла асколка.
•••
Забойная вага гл. вага.