Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пашту́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Штурхець некаторы час; штурхнуць некалькі разоў. Лаўрэна [парабкі] паштурхалі трохі са злосці і пусцілі на ўсе чатыры бакі. Якімовіч.

пашту́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Час ад часу або злёгку штурхець. Затое ж дзед Сёмка, як бог, Ідзе за працэсіяй ззаду. Паважны, не чуючы ног, Паштурхвае локцем Гарваду. Колас.

пашту́чны, ‑ая, ‑ае.

Які вылічваецца за кожную штуку, асобны прадмет. Паштучная аплата. // Які выпускаецца, прадаецца і пад. штукамі, не агулам. Паштучны продаж. Паштучная апрацоўка дэталей.

паштэмпелява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

1. Заштэмпеляваць усё, многае.

2. Штэмпеляваць некаторы час.

паштэ́т, ‑у, М ‑тэце, м.

Страва з мясных, рыбных або іншых прадуктаў, працёртых да пастападобнага стану. Пячоначны паштэт. □ На стале была чырвоная ікра, заліўная курыца, паштэт, адмыслова ўпрыгожаная смажаная рыба. Арабей.

[Ням. Pastete.]

паштэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паштэту; прыгатаваны з паштэту. Паштэтныя кансервы.

пашука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

Заняцца пошукамі; шукаць некаторы час. — Антось, трэба пашукаць фурманку, ці што, — сказаў Васіль Дзянісавіч. Мележ. [Юрка:] — Добра, вы тут пасядзіце, а я схаджу вады пашукаю. Курто. Спачатку Якаў хацеў зайсці ў гэты дом, пашукаць там ранейшых сваіх гаспадароў, але перадумаў. Кулакоўскі. Узвышаючыся над галовамі людзей, я вачыма пашукаў генеральскую дачку. Карпюк.

•••

Пашукаць такога (такую, такіх) — ужываецца ў якасці азначэння каго‑н. (чаго‑н.), хто (што) вызначаецца надзвычайнымі, рэдкімі якасцямі. Настаўнікам Лукавіцын быў — пашукаць такога: старанны, паслухмяны, і заўсюды ў начальства навідавоку. Крапіва.

пашуме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

Шумець некаторы час. І ўсё ідзе сваёй ступою — Няхай і дожджык пашуміць. Колас. Члены брыгады пашумелі, але выйшлі. Асіпенка.

пашу́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Час ад часу, злёгку шумець. Пашумлівае вецер у голым вецці бярозы, у вокны пазірае бясконцая зімняя ноч. Колас. Ціха, асцярожна пашумліваў разгалісты дуб. Пестрак. / у безас. ужыв. Без прывычнай закускі ў галаве Аўгуста Эрнеставіча злёгку пашумлівае. Навуменка.

пашурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Шураваць некаторы час. Сцёпка і Цімошка залезлі ў будку машыніста, па чарзе пашуравалі ў топцы. Хомчанка.