заняду́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да занядужаць.
заняду́жыцца, ‑жыцца; безас. зак., каму.
Пра адчуванне хваробы. Занядужылася нешта Базылю. Нікановіч.
заняме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў адчувальнасць; адзеравянелы. Застаяўшыся на месцы, конь нецярпліва кудысь памыкаўся, можа, каб размяць сваё занямелае цела, а можа, каб вырвацца ад няпрошаных гаспадароў. Колас.
2. перан. Маўклівы, прыціхлы. Занямелыя далі.
заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.
2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.
заня́ньчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго.
Разм.
1. Забавіць, супакоіць (дзіця). Белы не мог ніяк заняньчыць Міхаську. Чарот.
2. Няньчачы, стаміць, замучыць. Заняньчыў малога, давёў да слёз.
заняпа́д, ‑у, ДМ ‑дзе, м.
1. Упадак, збядненне (звычайна ў якой‑н. галіне грамадскага жыцця). Заняпад эканомікі. Заняпад буржуазнай культуры.
2. Хваравіты стан, упадак сіл. Стэпа пачула вялікую ўтому, заняпад і, не раздзеючыся, прылягла. Гартны. // Цяжкі маральны стан, выкліканы перажываннямі, горам. Сваімі простымі і задушэўнымі гутаркамі .. [Кунігас-Ляўданскі] вельмі падтрымаў мяне ў маім заняпадзе пасля смерці Яні. Гарэцкі.
заняпа́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыйшоў ва ўпадак; збяднелы. Лабановіч кожны раз, праходзячы тут, мімаволі зварачаў увагу на гэта месца і на гэту заняпалую карчму з пакрыўленымі сценамі і пагнутым дахам. Колас.
2. Хваравіты, слабы здароўем. Высокі, бялявы тварам, [Алесь] выгадна адрозніваўся ад заняпалага Казюка. Броўка.
заняпа́сці, ‑непаду, ‑непадзеш, ‑непадзе; ‑непадзём, ‑непадзяце; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ва ўпадак; збяднець (звычайна пра якую‑н. галіну грамадскага жыцця). А гаспадарка заняпала, Давала мала, вельмі мала На тым адсталым рубяжы. Бялевіч.
2. Страціць здароўе, зрабіцца слабым, хваравітым. Быў.. [хлопчык] вельмі ж слабенькі: як заняпаў змалку, дык ніяк і паправіцца не можа. Якімовіч. [Стафанковічу] пачало здавацца, што ён даўно ўжо заняпаў здароўем і не заўважаў таго. Чорны.
•••
Заняпасці духам — замаркоціцца, засумаваць, адчаяцца.
занясе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. заносіць — занесці (у 2, 6 знач.).