заваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак., каго-што.
1. Пакарыць, захапіць узброенай сілай. Прыйшлі белыя, заваявалі гэту зямлю, зрабілі неграў рабамі. Шамякін.
2. перан. Дамагчыся чаго‑н., здабыць што‑н. настойлівасцю, барацьбой і пад. Заваяваць свабоду. Заваяваць аўтарытэт. Заваяваць званне брыгады камуністычнай працы. // Прывабіць, прыцягнуць да сябе. Заваяваць сэрца дзяўчыны.
заве́дамы, ‑ая, ‑ае.
Наперад добра вядомы; несумненны. Мікола мог гаварыць заведамую няпраўду або неймаверную лухту, але ўмеў падаць яе так пераканальна.., што ўсім хацелася верыць у яе. Машара.
заве́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад завесці.
•••
Як заведзеная машына гл. машына.
Як заведзены — без перапынку, без затрымкі (гаварыць, рабіць што‑н.). Лазар гаворыць, як заведзены, і развязвае кайстру. Жычка.
заве́зены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад завезці.
заве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. завёз, ‑везла; зак., каго-што.
1. Везучы, даставіць куды‑н.; адвезці. Запрог Алесь калгаснага каня і завёз Андрэя на станцыю. Васілевіч. // Адвезці далёка або не туды, куды трэба; звезці. Завезці на край свету. Завёз невядома куды.
2. Прывезці, даставіць куды‑н. Завезці тавары ў магазін. // Прывезці адкуль‑н. здалёку, закупіўшы, набыўшы і пад. Янотападобнага сабаку на Беларусь завезлі ў 1936 г. з Далёкага Усходу.
заве́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да завеяць.
заве́йка, ‑і, ДМ ‑вейцы, ж.
Абл. Завіруха, мяцеліца. На ноч бралася завіруха. Праз завейку пажар быў відзён ледзь-ледзь. Карпюк.
заве́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да завеі; з завеямі. Завейная зіма. Завейны лютаўскі дзень.
завекава́ць, ‑вякую, ‑вякуеш, ‑вякуе; зак.
Разм. Застацца незамужняй. Захарка неўзабаве памёр, а дочкі, акрамя Кветы, так і завекавалі ў Чыстаполлі бабылькамі. Ракітны.
заве́льмі, прысл.
Разм. Занадта, празмерна; больш, чым трэба. Васіль Іванавіч азірнуўся і, хаваючы ўсмешку, сур’ёзна, ужо завельмі сур’ёзна паглядзеў на Шайку. Лынькоў.