Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

гон гл. гнаць.

го́нар, -у, м.

1. Грамадская або маральная годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу.

Справа гонару.

2. Высакамернасць, фанабэрыстасць.

Чалавек з гонарам.

гонг, -а, мн. -і, -аў, м.

Ударны музычны інструмент у выглядзе металічнага дыска, ужыв. таксама для падачы сігналаў.

Ударыць у г.

го́ні, -ей.

1. Вялікая доўгая ніва.

Жнеі дажыналі г.

2. перан. Прастор, зямля (паэт.).

го́нка, -і, ДМ -нцы, ж.

1. гл. гнаць.

2. звычайна мн. (го́нкі, -нак). Спаборніцтва ў хуткасці (на аўтамабілях, лыжах і пад.).

Аўтамабільныя гонкі.

Лыжная г.

Гонка ўзбраення — палітычнае супрацьстаянне некалькіх дзяржаў за перавагу ў галіне ўзбраення.

|| прым. го́начны, -ая, -ае (да 2 знач.).

Г. аўтамабіль.

го́нкі, -ая, -ае.

1. Хуткі, імклівы ў руху.

Гонкая плынь ракі.

Г. човен.

2. Высокі і роўны (пра дрэвы).

Гонкія сосны.

|| наз. го́нкасць, -і, ж.

го́нны гл. гнаць.

го́нта, -ы, ДМ -нце, мн. -ы, -аў, ж., а таксама зб.

Дахавы матэрыял у форме невялікіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам — з другога.

Ставіць хату пад гонтай.

Злазь з даху, не псуй гонты (прымаўка: не бярыся не за сваю справу).

|| прым. го́нтавы, -ая, -ае і ганто́вы, -ая, -ае.

го́нчы, -ая, -ае.

1. Шпаркі ў бегу, прывучаны гнаць звера.

Г. сабака.

2. у знач. наз. го́нчы, -ага, мн. -ыя, -ых, м. Пра сабаку такой пароды.

Брэх гончых.

го́ншчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Удзельнік спартыўных гонак.

|| ж. го́ншчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

|| прым. го́ншчыцкі, -ая, -ае.