Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

замачы́ць гл. мачыць.

зама́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж. (разм., неадабр.).

Манера дзейнічаць, звычка, нораў.

Барскія замашкі.

Купецкія замашкі.

замгле́лы, -ая, -ае.

Пакрыты імглой, затуманены.

Замглелае неба.

замглі́ць¹, 1 і 2 ас. не ўжыв., -лі́ць; зак.

Пакрыць імглой, затуманіць.

З. неба.

замглі́ць², 1 і 2 ас. не ўжыв., -лі́ць; зак.

Пачаць імгліць.

заме́жны, -ая, -ае.

1. Які знаходзіцца за мяжой, іншаземны, зарубежны.

Замежныя дзяржавы.

2. Які адносіцца да іншай дзяржавы.

Замежныя тавары.

Замежная мова.

Замежная камандзіроўка (за мяжу, за граніцу).

3. Які мае адносіны да знешняй палітыкі.

Міністэрства замежных спраў.

заме́на, -ы, мн. -ы, -ме́н, ж.

1. гл. замяніць.

2. Той, хто (або тое, што) замяняе каго-, што-н.

Знайсці сабе замену.

заме́ннік, -а, мн. -і, -аў, м.

Матэрыял, выраб і пад., які па якіх-н. уласцівасцях можа замяніць іншы.

З. каляровых металаў.

заме́нны, -ая, -ае.

Такі, які можа быць лёгка заменены другім.

Заменная дэталь.

Заменныя страты.

заме́ньваць гл. замяніць.