Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бортжурна́л, -а, мн. -ы, -аў, м.

Журнал (у 1 знач.), які вядзецца ў час палёту на самалёце, касмічным караблі.

бортмеха́нік, -а, мн. -і, -аў, м.

Член лётнага экіпажа (самалёта, верталёта і пад.), які адказвае за стан і работу матораў, абсталявання, прыбораў.

бо́ртнік, -а, мн. -і, -аў, м. (уст.).

Той, хто займаецца бортніцтвам; пчаляр.

|| прым. бо́ртніцкі, -ая, -ае.

бо́ртніцтва, -а, н. (уст.).

Прымітыўнае лясное пчалярства, здабыча мёду лясных пчол.

|| прым. бо́ртніцкі, -ая, -ае.

бортправадні́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

Служачы грамадзянскай авіяцыі, які абслугоўвае пасажыраў у самалёце.

|| ж. бортправадні́ца, -ы, мн. -ы, -ніц.

бортрады́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Член лётнага экіпажа (самалёта, верталёта і пад.), які падтрымлівае сувязь з зямлёй і адказвае за стан радыёапаратуры.

борць, -і, мн. -і, -ей, ж. (уст.).

Вулей у выглядзе выдзеўбанай калоды або дупло ў дрэве, дзе жывуць пчолы.

|| прым. бо́рцевы, -ая, -ае.

боршч, баршчу́, м.

Вадкая страва, прыгатаваная з буракоў і іншай агародніны.

Апетытны б.

|| ласк. баршчо́к, -шчку́, м. і бо́ршчык, -у, м.

Добры баршчок, ды малы гаршчок (з нар.). Хлопчыку — раз хлеба, два разы боршчыку (з нар.).

|| прым. баршчо́вы, -ая, -ае.

бо́сы, -ая, -ае.

Неабуты, з голымі нагамі.

Босае дзіця.

бот, -а, М бо́це, мн. бо́ты, -аў, м.

Абутак з высокімі халявамі.

Хромавыя боты.

|| памянш. бо́цік, -а, мн. -і, -аў, м.