Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова ∙ Скарачэнні

пульт, -а, М -льце, мн. -ы, -аў, м.

1. Падстаўка для нот у выглядзе нахіленай рамы на высокай ножцы.

Дырыжорскі п.

2. Пункт, адкуль адбываецца аўтаматычнае кіраванне чым-н.

Дыспетчарскі п. П. электрастанцыі.

|| прым. пу́льтавы, -ая, -ае (да 2 знач.).

пультава́я, -о́й, мн. -ы́я, -ы́х, ж.

Памяшканне, у якім змяшчаецца пульт (у 2 знач.), пульты.

пу́льхны, -ая, -ае.

1. Пухлы, быццам надзьмуты; тоўсты.

Пульхныя вусны.

Пульхныя рукі.

2. Мяккі, пышны.

Пульхныя аладкі.

3. Лёгкі, пухкі.

П. снег.

Пульхная зямля.

|| наз. пу́льхнасць, -і, ж.

пуля́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

Маладая курыца, адкормленая для стала.

пуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак. (разм.).

Кідаць чым-н. куды-н. ці ў каго-н.

П. камякі зямлі.

|| аднакр. пульну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́

|| наз. пуля́нне, -я, н.

пу́ма, -ы, мн. -ы, пум, ж.

Буйны лясны драпежнік сямейства кашачых, які водзіцца ў Амерыцы.

пу́начка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

Невялікая паўночная птушка сямейства аўсянкавых.

пункт, -а, М -кце, мн. -ы, -аў, м.

1. Месца, якое характарызуецца пэўнымі адзнакамі і можа быць выкарыстана для неабходных дзеянняў.

Камандны п.

Зборны п.

Прызыўны п.

Перагаворны п.

Самы высокі п. гары.

2. Асобнае палажэнне, раздзел у складзе чаго-н. (дакумента, выкладання і пад.).

Асноўныя пункты даклада.

Выкласці па пунктах (таксама перан.: паслядоўна).

3. Асобны момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння.

Кульмінацыйны п.

4. Асноўнае паняцце геаметрыі, а таксама механікі, фізікі — месца, якое не мае вымярэння, мяжа адрэзка лініі.

П. перасячэння прамых.

П. апоры.

П. прылажэння сіл.

П. сонцастаяння.

5. Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан.

П. замярзання.

П. плаўлення.

○

Населены пункт — горад, пасёлак, вёска і пад., дзе пастаянна жывуць людзі.

◊

Пункт погляду (або гледжання) на што — чыя-н. думка, погляд на што-н.

У мяне на гэта свой пункт погляду.

|| памянш. пу́нкцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

пунктуа́льны, -ая, -ае.

Вельмі дакладны, акуратны ў выкананні чаго-н.

П. чалавек.

Пунктуальнае выкананне.

|| наз. пунктуа́льнасць, -і, ж.

пунктуа́цыя, -і, ж.

Вучэнне аб сістэме знакаў прыпынку і правілах іх выкарыстання ў пісьмовым тэксце.

Засвоіць пунктуацыю.

|| прым. пунктуацы́йны, -ая, -ае.