прырасці́, 1 і 2 ас. не ўжыв., -це́; -ро́с, -расла́, -ло́; зак.
1. да чаго. Зрастаючыся, утварыць адно цэлае з чым-н.
Прышчэп прырос.
П. дамесца (перан.: зрабіцца нерухомым).
2. Павялічыцца ў колькасці, памерах (разм.).
|| незак. прыраста́ць, -а́е.
|| наз. прырашчэ́нне, -я, н. і прыро́ст, -у, М -сце, м. (да 2 знач.).
Прырашчэнне працэнтаў.
Прырост пагалоўя жывёлы.
прыраўнава́ць¹, -ну́ю, -ну́еш, -ну́е; -ну́й; -нава́ны; зак., каго-што і да каго-чаго.
Прыпадобніць да каго-, чаго-н., прызнаць роўным з кім-, чым-н.
Па таленце яго можна п. да лепшых спевакоў.
|| незак. прыраўно́ўваць, -аю, -аеш, -ае.
прыраўнава́ць² гл. раўнаваць².
прыро́бліваць гл. прырабіць.
прыро́да, ы, ДМ -дзе, ж.
1. Усё існае ў Сусвеце, арганічны і неарганічны свет.
Законы прыроды.
Жывая п. (арганічны свет). Мёртвая п. (неарганічны свет: не расліны, не жывёлы).
2. Мясцовасць паза гарадамі (палі, лясы, горы).
Любавацца прыродай.
На ўлонні прыроды.
Выехаць на прыроду (разм.).
3. перан., чаго. Асноўная ўласцівасць, сутнасць (кніжн.).
П. атама. П. сацыяльных адносін.
◊
Ад прыроды або з прыроды — ад нараджэння, ад пачатку існавання.
З дрэнным зрокам ад прыроды.
Па прыродзе — па характары, па натуры.
Па прыродзе ён добры чалавек.
|| прым. прыро́дны, -ая, -ае.
Прыродныя багацці краю.
Прыродныя рэсурсы.
Прыродныя ўмовы.
прырода...
Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які мае адносіны да прыроды (у 1 знач.), напр.: прыродаахоўны, прыродазнаўства, прыродакарыстанне.
прыродаахо́ўны, -ая, -ае (спец.).
Які мае адносіны да аховы прыроды, прыроднага багацця.
Прыродаахоўныя мерапрыемствы.
прыродазна́ўства, -а, н.
Комплекс навук аб прыродзе; вучэбны прадмет у школе.
Праграма па прыродазнаўстве.
|| прым. прыродазна́ўчы, -ая, -ае.