Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова ∙ Скарачэнні

дзе́даўшчына, -ы, ж. (разм.).

Спадчына пасля дзеда.

дзедаўшчы́на, -ы, ж.

У арміі: нераўнапраўныя і зневажальныя адносіны стараслужачых да маладых салдат, навабранцаў.

дзе́дзіч, -а, мн. -ы, -аў, м. (гіст.).

1. Спадчыннік дзедаўскага двара¹, маёнтка.

2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў.

дзеепрыме́тнік, -а, мн. -і, -аў, м.

У граматыцы: форма дзеяслова, якая сумяшчае катэгорыі дзеяслова (час, стан і трыванне) і катэгорыі прыметніка (род, склон).

Д. цяперашняга часу.

Д. залежнага стану.

|| прым. дзеепрыме́тны, -ая, -ае.

дзеепрысло́ўе, -я, мн. -і, -яў, н.

У граматыцы: нязменная форма дзеяслова, якая спалучае ў сабе катэгорыі дзеяслова і прыслоўя.

|| прым. дзеепрысло́ўны, -ая, -ае.

дзе́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.

Драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з прамых клёпак¹ для заквашвання цеста і пад.

Хапіў з дзежкі, аж не бачыць сцежкі (з нар.).

|| памянш. дзе́жачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. дзе́жачны, -ая, -ае і дзе́жкавы, -ая, -ае.

дзе́йнасць, -і, ж.

1. Заняткі, праца ў якой-н. галіне.

Гаспадарчая д.

Педагагічная д.

Навукова-даследчая д.

2. Сукупнасць дзеянняў, мерапрыемстваў якога-н. прадпрыемства, установы і пад.

Д. бібліятэкі.

Д. школы па выхаванні моладзі.

3. Работа, функцыянаванне якіх-н. органаў арганізма або дзеянне сіл прыроды.

Д. сэрца.

Д. вулкана.

дзе́йнік, -а, мн. -і, -аў, м.

У граматыцы: галоўны член двухсастаўнага сказа, які не залежыць ад іншых членаў сказа і абазначае прадмет, прымета якога выражаецца выказнікам.

|| прым. дзе́йнікавы, -ая, -ае.

дзе́йнічаць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. Рабіць што-н., займацца чым-н.

Д. рашуча.

2. чым. Кіраваць, валодаць чым-н.

Спартсмен удала дзейнічаў ракеткай.

Пасля ранення нага не дзейнічае.

3. на каго-што і без дап. Рабіць уплыў, уздзеянне, выклікаць якую-н. рэакцыю ў адказ.

Лякарства на яго станоўча дзейнічае.

Сонца згубна дзейнічае на жэньшэнь.

4. Быць спраўным (пра апараты, механізмы).

Механізм дзейнічае безадказна.

5. Мець сілу, абавязваць рабіць пэўным чынам.

Тут дзейнічаў даўні звычай.

◊

Дзейнічаць на нервы каму (разм.) — раздражняць каго-н.

|| зак. падзе́йнічаць, -аю, -аеш, -ае (да 3 і 5 знач.).

дзе́йны, -ая, -ае.

Актыўны, жвавы, энергічны.

Дзейная натура.