Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бізнесме́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Прадпрымальнік, дзялок; той, хто займаецца бізнесам.

|| прым. бізнесме́нскі, -ая, -ае.

бізо́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Паўночнаамерыканскі дзікі бык атрада парнакапытных з доўгай поўсцю.

|| прым. бізо́навы, -ая, -ае.

бізу́н, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

Плецены з раменных палосак арапнік або вітая з ільну, канапель пуга.

Усыпаць бізуноў (разм.) — пакараць каго-н., адсцябаць.

бікла́га, -і, ДМа́зе, мн. -і, -ла́г, ж.

Невялікая драўляная ці металічная плоская пасудзіна для вады.

Салдацкая б.

|| прым. бікла́жны, -ая, -ае.

бікфо́рдаў, -дава.

У выразе: бікфордаў шнур — вогнеправодны шнур з парахавой сарцавінай, які служыць для перадачы іскры да зараду пры выбухах.

бі́ла, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Унутраная ўдарная частка звона; язык (у 3 знач.).

2. Падвешаны кавалак жалеза, рэйкі для падачы сігналаў.

3. Верхняя скразная планка або жардзіна ў поручнях лесвіцы, мосце і пад.

біле́т, -а, Ме́це, мн. -ы, -аў, м.

1. Дакумент, які дае права карыстацца чым-н.

Б. у кіно.

Праязны б.

Запрашальны б.

2. Дакумент, які сведчыць аб прыналежнасці каго-н. да палітычнай або грамадскай арганізацыі.

Прафсаюзны б.

3. Лісток з пытаннямі да таго, хто трымае экзамен, іспыт.

Экзаменацыйны б.

Белы білет — пасведчанне аб няздольнасці выконваць ваенную службу.

|| прым. біле́тны, -ая, -ае (да 1 знач.).

білецёр, -а, мн. -ы, -аў, м.

Кантралёр, які правярае ўваходныя білеты.

|| ж. білецёрка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак (разм.).

|| прым. білецёрскі, -ая, -ае.

білінгві́зм, -у, м.

Валоданне і папераменнае карыстанне адной і той жа асобай ці калектывам дзвюма рознымі мовамі; двухмоўе.

більён, -а, мн. -ы, -аў, м.

Лік, які мае выгляд адзінкі з дзевяццю нулямі ў ЗША і некаторых іншых краінах або адзінкі з дванаццаццю нулямі ў Германіі і іншых краінах Еўропы.

|| прым. більённы, -ая, -ае.