Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

трыно́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.

Падстаўка ў выглядзе жалезнага абруча на трох ножках, на якой гатуюць ежу на адкрытым агні, а таксама козлы, да якіх падвешваецца кацёл над вогнішчам.

трыно́жнік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Тое, што і трыножак.

2. Столік на трох ножках, на якім запальваўся свяшчэнны агонь або прыносілася ахвяра бажаству ў старажытных народаў.

трыно́жыць, -жу, -жыш, -жыць; -жаны; незак., каго.

Звязваць ногі каня трыногай.

|| зак. стрыно́жыць, -жу, -жыш, -жыць; -жаны.

трын-трава́, у знач. вык. (разм.).

Усё адно, усё роўна, хоць бы што.

Яму ўсё гэта т.

тры́пер, -у, м.

Тое, што і ганарэя.

|| прым. тры́перны, -ая, -ае.

трыпла́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Самалёт, які мае тры нясучыя паверхні, размешчаныя адна над адной.

трыпу́тнік, -у, м.

Травяністая расліна сямейства трыпутнікавых з шырокім лісцем і дробнымі кветкамі ў коласападобным суквецці, якая расце абапал дарог, на лугах.

|| прым. трыпу́тнікавы, -ая, -ае.

тры́пціх, -а, мн. -і, -аў, м. (спец.).

1. Твор выяўленчага мастацтва, які складаецца з трох частак, аб’яднаных адным сюжэтам і ідэяй.

2. Царкоўны абраз, які мае тры створкі.

трыснёг, -нягу́, мн. -нягі́, -няго́ў, м.

Вадзяная ці балотная шматгадовая расліна сямейства злакаў з каленчатым цвёрдым сцяблом і раскідзістай мяцёлкай.

Цукровы трыснёг — трапічная ці субтрапічная расліна сямейства злакаў, з соку якой здабываецца цукар.

|| прым. трысняго́вы, -ая, -ае.

тры́ста, трохсо́т, тромста́м, трымаста́мі, (аб) трохста́х, ліч. кольк. Лік і колькасць 300.

|| парадк. трохсо́ты, -ая, -ае.