Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

практыкава́цца, -ку́юся, -ку́ешся, -ку́ецца; -ку́йся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прымяняцца на практыцы.

На ферме практыкуецца гадоўля мерыносных авечак.

2. Засвойваць прыёмы якой-н. справы, набываць практыку ў чым-н.

П. ў стральбе. П. ў авалоданні французскай мовай.

|| зак. напрактыкава́цца, -ку́юся, -ку́ешся, -ку́ецца; -ку́йся (да 2 знач.).

|| наз. практыкава́нне, -я, н. (да 2 знач.).

практыкава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны; незак.

1. што. Прымяняць на практыцы (кніжн.).

П. новую форму работы.

2. Праходзіць практыку (у 3 знач.).

Студэнты практыкуюць у клініцы.

3. каго-што. Пастаяннай работай прывіваць якія-н. навыкі, прывучаць рабіць што-н.

П. сваю памяць.

4. Мець практыку (у 5 знач.; уст.).

У Полацку практыкуюць мінскія ўрачы.

|| наз. практыкава́нне, -я, н. (да 3 знач.).

практыка́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

Асоба, якая праходзіць практыку (у 3 знач.), рыхтуючыся да дзейнасці ў якой-н. галіне.

|| ж. практыка́нтка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. практыка́нцкі, -ая, -ае.

пра́ктыкум, -у, мн. -ы, -аў, м.

У вышэйшых навучальных установах: курс практычных заняткаў па якім-н. вучэбным прадмеце.

П. па фізіцы.

практыцы́зм, -у, м.

Дзелавы падыход, практычныя адносіны да чаго-н.

Гаспадарчы п.

Вузкі п. (які пагарджае тэорыяй або інтарэсамі агульнай справы).

практы́чны, -ая, -ае.

1. Які мае адносіны да практыкі (у 1 знач.).

Практычныя вывады.

2. Які з’яўляецца прымяненнем ведаў на справе, на практыцы.

Практычнае навучанне.

3. Патрэбны для практыкі, які прывівае канкрэтныя навыкі, уменне.

Практычная школа акцёрскага майстэрства.

4. Які мае адносіны да жыццёвага вопыту, рэальных патрэбнасцей.

Нічога не разумець у практычным жыцці.

5. Дзелавіты, які ўмее разбірацца ў практычных, жыццёвых справах.

П. чалавек.

6. Выгадны, зручны ўсправе, эканомны.

П. метад.

7. Па сутнасці, на справе.

Практычна (прысл.) здаровы.

|| наз. практы́чнасць, -і, ж. (да 4—6 знач.).

праку́да, -ы, ДМ -у, Т -ам, м.; ДМ -дзе, Т-ай (-аю), ж., мн. -ы, -ку́д (разм.).

Ахвотнік (ахвотніца) да свавольстваў, розных штук; гарэза.

праку́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; незак. (разм.).

Сваволіць, штукарыць; гарэзаваць.

|| зак. напраку́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

пракукава́ць гл. кукаваць.

пракукарэ́каць гл. кукарэкаць.