прадста́ўлены, -ая, -ае.
Які мае прадстаўнікоў (у 1 знач.) дзе-н.
На форуме прадстаўлены многія краіны.
прадстаўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак., каго-што.
1. гл. прадставіць.
2. Дзейнічаць па чыім-н. даручэнні, быць чыім-н. прадстаўніком.
П. інтарэсы працоўных.
прадстаўні́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.
1. Асоба, якая прадстаўляе (у 2 знач.) чые-н. інтарэсы, адлюстроўвае чые-н. погляды.
П. адміністрацыі.
Дыпламатычны п.
2. Чалавек, які прадстаўляе ў сваёй асобе які-н. разрад, групу людзей ці якую-н. галіну дзейнасці, выразнік чыіх-н. інтарэсаў.
Прадстаўнікі старэйшага пакалення вучоных.
3. Тыповы ўзор таго або іншага разраду істот, прадметаў.
П. мясцовай флоры.
|| ж. прадстаўні́ца, -ы, мн. -ы, -ніц.
|| прым. прадстаўні́цкі, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).
прадстаўні́цтва, -а, мн. -ы, -аў, н.
1. Выкананне абавязкаў прадстаўніка (у 1 знач.; кніжн.).
П. чыіх-н. інтарэсаў.
2. Установа, якая абараняе інтарэсы.
Гандлёвае п.
3. Права, парадак выбару прадстаўнікоў у якія-н. органы (кніжн.).
Народнае п.
прадстаўні́чы, -ая, -ае.
1. Выбарны, заснаваны на прадстаўніцтве (у 3 знач.).
П. сход. П. орган.
2. Які добра адлюстроўвае чые-н. інтарэсы, аўтарытэтны.
Недастаткова прадстаўнічая камісія.
прадублі́раваць гл. дубліраваць.
прадугада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што.
Наперад угадаць, прадугледзець.
П. адказ.
|| незак. прадуга́дваць, -аю, -аеш, -ае.
прадугле́дзець, -джу, -дзіш, -дзіць; -джаны; зак., што.
Наперад убачыць, угадаць магчымасць чаго-н.
П. усе выпадкі.
|| незак. прадугле́джваць, -аю, -аеш, -ае.
прадузя́ты, -ая, -ае.
Заснаваны на думцы, якая загадзя беспадстаўна была прынята за правільную.
Прадузята (прысл.) аднесціся да чаго-н. П. погляд.
|| наз. прадузя́тасць, -і, ж.
праду́кт, -у, М -кце, мн. -ы, -аў, м.
1. Прадмет як вынік чалавечай працы (апрацоўкі, перапрацоўкі, даследавання і пад.).
П. абмену.
Манаграфія — п. шматгадовай працы.
Прадукты хімічнай перапрацоўкі дрэва.
2. перан. Вынік, гістарычнае параджэнне чаго-н. (кніжн.).
Мова — п. гістарычнага развіцця грамадства.