Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

правалі́ць, -алю́, -а́ліш, -а́ліць; -а́лены; зак.

1. што. Праламаць, абрушыць.

П. падлогу.

2. што. Загубіць якую-н. справу (разм.).

П. мерапрыемства.

3. каго-што. Адхіліць, адвесці (разм.).

П. каго-н. на экзамене (паставіць нездавальняючую ацэнку).

|| незак. права́льваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. права́л, -у, м.

праваме́рны, -ая, -ае (кніжн.).

Унутрана апраўданы, заснаваны на праве, заканамерны.

Правамерныя дзеянні.

|| наз. праваме́рнасць, -і, ж.

правамо́цны, -ая, -ае (кніжн.).

Які мае законныя правы, паўнамоцтвы.

П. сход.

|| наз. правамо́цтва, -а, мн. -ы, -аў, н.

праванса́ль, -ю, м.

Соус з жаўткоў з алеем і вострымі прыправамі.

Капуста п. (кіслая капуста з алеем і прыправамі).

права́нскі, -ая, -ае.

У выразе: праванскі алей — вышэйшы гатунак аліўкавага алею; выкарыстоўваецца і як народны лекавы сродак.

правапара́дак, -дку, м. (кніжн.).

Парадак грамадскіх адносін, замацаваны прававымі нормамі.

правапаруша́льнік, -а, мн. -і, -аў, м. (афіц.).

Асоба, вінаватая ў правапарушэнні, якая парушыла закон.

|| ж. правапаруша́льніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

правапарушэ́нне, -я, мн. -і, -яў, н. (афіц.).

Парушэнне права, законаў; злачынства.

Прафілактыка правапарушэнняў.

пра́вапіс, -у, м.

Агульнапрынятыя, узаконеныя правілы пісьма; арфаграфія.

П. беларускай мовы.

|| прым. правапі́сны, -ая, -ае.

праваро́ніць, -ню, -ніш, -ніць; -нены; зак., каго-што (разм.).

Прапусціць, празяваць.

Такі зручны выпадак праваронілі.