Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

прабале́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -і́ць; зак.

Пра адчуванне болю на працягу якога-н. часу.

Вочы прабалелі паўмесяца.

прабаранава́ць, -ну́ю, -ну́еш, -ну́е; -ну́й; -нава́ны; зак., што.

1. Апрацаваць бараной (узараную зямлю).

2. Баранаваць некаторы час.

П. увесь дзень.

|| незак. прабарано́ўваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 знач.).

праба́цька, -і, мн. -і, -аў, м. (высок.).

Тое, што і роданачальнік; продак.

прабача́льны, -ая, -ае (кніжн.).

Які заслугоўвае прабачэння.

П. ўчынак.

|| наз. прабача́льнасць, -і, ж.

праба́члівы, -ая, -ае.

Які выражае прабачэнне, просьбу або прабачэнні.

Гаварыць прабачлівым тонам.

|| наз. праба́члівасць, -і, ж.

праба́чны, -ая, -ае (кніжн.).

Які заслугоўвае прабачэння.

|| наз. праба́чнасць, -і, ж.

праба́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак., каму.

Тое, што і дараваць (у 1 знач.).

Прашу п. мне.

|| незак. прабача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. прабачэ́нне, -я, н.

прабачэ́нне, -я, н.

1. гл. прабачыць.

2. мн. -і, -яў. Дараванне віны, паблажлівасць за правіннасць.

Прашу прабачэння.

прабе́г, -у, м.

1. Спартыўнае спаборніцтва па бегу, яздзе.

Лыжны п.

Аўтамабільны п.

2. Адлегласць, пройдзеная якім-н. транспартным сродкам (спец.).

Сутачны п. цеплавоза.

3. Знаходжанне ў дарозе, у эксплуатацыі (транспартных сродкаў; спец.).

Падрыхтаваць машыну да прабегу.

прабе́гаць, -аю, -аеш, -ае; зак.

1. Правесці які-н. час у беганні.

П. паўдня.

2. што. Прапусціць за бегатнёй (разм.).

П. абед.