Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

трэпана́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж. (спец.).

Хірургічная аперацыя, звязаная з ускрыццём коснай поласці з мэтай пранікнення да ачага хваробы.

Т. чэрапа.

Т. зуба.

|| прым. трэпанацы́йны, -ая, -ае.

трэпа́нг, -а, мн. -і, -аў, м.

Марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых, мяса якой ужываецца ў ежу.

|| прым. трэпа́нгавы, -ая, -ае.

трэск, -у, м.

1. Сухі, рэзкі гук, які ўтвараецца пры ламанні, трэсканні, разрыванні і пад. чаго-н.

Т. галля.

2. Шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў і пад.

Т. матора.

Т. кулямёта.

3. перан. Шуміха, пустая балбатня (разм.).

З трэскам (выгнаць, праваліцца і пад.) — ганебна, з вялікім скандалам.

трэ́ска, -і, ДМ трэ́сцы, мн. -і, -сак, ж.

Тонкі кавалак дрэва, адчасаны ад бервяна, палена і пад.; шчэпка.

Прынесці трэсак на падпалку.

трэ́скацца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -аецца; незак.

Даваць трэшчыны, расколвацца.

Зямля пачала т. ад спёкі.

|| зак. патрэ́скацца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -аецца.

трэ́снуты, -ая, -ае.

Надколаты, з трэшчынай.

Т. гаршчок.

трэ́снуцца, -нуся, -нешся, -нецца; -ніся; зак., чым і без дап. (разм.).

Моцна стукнуцца, ударыцца.

Т. галавой аб сцяну.

трэ́снуць, -ну, -неш, -не; -ні; -нуты; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Стварыць трэск.

Пад нагамі трэснула сухая галінка.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Лопнуць, раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Патрэскацца (пра скуру, губы і пад.).

4. каму, чым па чым і без дап. Моцна стукнуць, ударыць (разм.).

Хоць трэсні (разм.) — пра дарэмныя намаганні, старанні.

|| незак. трэ́скаць, -ае (да 1 і 2 знач.).

|| наз. трэ́сканне, -я, н. (да 1—3 знач.).

трэ́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Адна з форм манапалістычнага аб’яднання прадпрыемстваў з цэнтралізацыяй вытворчых, камерцыйных або юрыдычных аперацый.

Будаўнічы т.

|| прым. трэ́стаўскі, -ая, -ае.

трэ́сці, трасу́, трасе́ш, трасе́; трасём, трасяце́, трасу́ць; трос, трэ́сла; трасі́; трэ́сены; незак.

1. каго-што. Тузаць, хістаць штуршкамі.

Т. яблыню.

2. безас. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе).

На калдобінах воз трэсла.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым-н.

Т. галавой.

4. што. Перамешваючы, рыхтаваць што-н.

Т. трасянку.

5. каго-што і без дап. Рабіць вобыск (разм.).

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каго-што. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.).

Ліхаманка трасе.

Хворага трэсла ад высокай тэмпературы (безас.).

7. перан., каго. Непакоіць, пазбаўляць пакою, турбаваць.

8. што. Узмахваючы чым-н., ачышчаць ад чаго-н., выбіваць.

Т. дыван.

Т. кудзелю.

|| зак. вы́трасці, -су, -сеш, -се; -сі; -сены (да 8 знач.).

|| аднакр. трасяну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1, 2, 3, 5 і 8 знач.).

|| наз. трасе́нне, -я, н. (да 1 і 8 знач.) і трасяні́на, -ы, ж. (да 2 знач.).