Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

цукры́сты, -ая, -ае.

1. Які змяшчае ў сабе значную колькасць цукру (у 1 знач.).

Цукрыстыя плады.

2. Які мае структуру цукру.

|| наз. цукры́стасць, -і, ж.

цуна́мі, нескл., н.

Гіганцкія разбуральныя хвалі, якія ўзнікаюць на паверхні акіяна ў выніку падводнага землетрасення або вывяржэння падводных або астраўных вулканаў.

цур, выкл. (разм.).

Вокліч, якім што-н. забараняецца або патрабуецца выканаць якую-н. умову (звычайна ў дзіцячых гульнях).

Цур я першы!

цура́, -ы́, ж.

Страва з пакрышанага ў квас або ў ваду хлеба з соллю, цыбуляй, часам з алеем; рулі.

цура́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак., каго-чаго.

1. Пазбягаць каго-, чаго-н.; ухіляцца ад адносін з кім-н. або выканання чаго-н.

Ц. блізкіх.

Ц. работы.

2. Адракацца ад каго-, чаго-н.

Ц. бацькоў.

цурба́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м. (разм.).

Тое, што і цурбан (у 1 знач.).

|| памянш. цурбачо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.

цурба́лак, -лка, мн. -лкі, -лкаў, м. (разм.).

Кусок дрэва, абрубак.

цурба́н, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Абрубак, кароткі кавалак бервяна.

2. перан. Пра някемлівага, непаваротлівага, неразумнага чалавека (разм., лаянк.).

Гэтаму цурбану не ўтлумачыш.

цу́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

Тонкі аскепак лучынкі, трэскі, палачкі.

|| памянш.-ласк. цу́рачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. цу́рачны, -ая, -ае.

цуро́к, -рка́, мн. -ркі́, -рко́ў, м.

1. Невялікі струменьчык вады, вадкасці.

Цуркі вады.

2. у знач. прысл. цурко́м. Струменем, бесперапынна (ліцца, цячы).

Пот ліецца ц.