Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

голубагадо́ўля, -і, ж.

Развядзенне і дрэсіроўка галубоў.

|| прым. голубагадо́ўчы, -ая, -ае.

го́лы, -ая, -ае; гол, -а.

1. Не апрануты, не прыкрыты адзеннем.

Голая спіна.

2. Без расліннага або валасянога покрыва.

Г. чэрап.

Голыя дрэвы.

3. Нічым не пакрыты, не прыкрыты.

Голыя сцены.

Спаць на голым ложку.

4. перан. Узяты сам па сабе, без тлумачэнняў, без дадаткаў.

Голыя лічбы.

Голыя факты.

5. Без прымесей, чысты.

Г. пясок.

6. перан. Бедны.

Балявалі, пакуль голы сталі (прыказка).

Гол як сакол — вельмі бедны, які нічога не мае.

Голы як бізун — пра вельмі беднага чалавека.

Голы як бубен (разм.) — пра голае, без расліннасці месца.

гольф, -а, м.

Гульня ў мяч, які клюшкай заганяюць у ямку, пераадольваючы рад штучных перашкод.

го́льфы, -аў.

1. Кароткія штаны з манжэтамі, якія зашпільваюцца пад каленам.

2. адз. гольф, -а, м. Панчохі да калена.

го́ман, -у, м.

1. Гучная невыразная гаворка некалькіх чалавек.

На вуліцы стаяў г.

2. перан. Шум, гул, гудзенне.

Птушыны г.

гон гл. гнаць.

го́нар, -у, м.

1. Грамадская або маральная годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу.

Справа гонару.

2. Высакамернасць, фанабэрыстасць.

Чалавек з гонарам.

гонг, -а, мн. -і, -аў, м.

Ударны музычны інструмент у выглядзе металічнага дыска, ужыв. таксама для падачы сігналаў.

Ударыць у г.

го́ні, -ей.

1. Вялікая доўгая ніва.

Жнеі дажыналі г.

2. перан. Прастор, зямля (паэт.).

го́нка, -і, ДМ -нцы, ж.

1. гл. гнаць.

2. звычайна мн. (го́нкі, -нак). Спаборніцтва ў хуткасці (на аўтамабілях, лыжах і пад.).

Аўтамабільныя гонкі.

Лыжная г.

Гонка ўзбраення — палітычнае супрацьстаянне некалькіх дзяржаў за перавагу ў галіне ўзбраення.

|| прым. го́начны, -ая, -ае (да 2 знач.).

Г. аўтамабіль.