Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

знакамі́ты, -ая, -ае.

Шырокавядомы, славуты.

З. горад.

|| наз. знакамі́тасць, -і, ж.

знамяна́льны, -ая, -ае.

1. Важны, значны.

Знамянальныя падзеі.

Знамянальная дата.

2. У мовазнаўстве: які мае самастойнае значэнне; проціл. службовы.

Знамянальныя часціны мовы.

|| наз. знамяна́льнасць, -і, ж.

зна́ны, -ая, -ае (разм.).

1. Вядомы, славуты.

З. ў краіне чалавек.

2. Знаёмы, пазнаны ў мінулым.

Знаныя дарогі.

|| наз. зна́насць, -і, ж. (да 1 знач.).

знаро́к, прысл.

З якой-н. мэтай, з пэўнымі намерамі.

З. папярэдзіў.

Як з. (нібы назло).

знасі́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., зно́сіцца; зак.

Стаць непрыгодным ад доўгай носкі ці работы.

Боты знасіліся.

Поршні знасіліся.

Арганізм знасіўся (перан.: дачасна састарыўся, аслабеў).

|| незак. зно́швацца, -аецца.

|| наз. знос, -у, м. і зно́шванне, -я, н.

Знос аўтапакрышак.

Няма зносу чаму-н. або не ведае зносу што-н. (доўга не зношваецца; разм.). Працаваць на знос (перан.). Зношванне арганізма (перан.).

знасі́ць¹, знашу́, зно́сіш, зно́сіць; зно́шаны; зак., што.

Доўгай носкай зрабіць непрыгодным.

З. сукенку.

Не знасіць галавы каму (разм.) — не мінуць пакарання, не ўцалець, загінуць з-за сваёй неасцярожнасці, свавольства і пад.

|| незак. зно́шваць, -аю, -аеш, -ае; наз. зно́шванне, -я, н.

знасі́ць², знашу́, зно́сіш, зно́сіць; зно́шаны; зак., каго-што.

Занесці куды-н. і прынесці назад.

З. дзіця да ўрача.

зна́тнасць, -і, ж. (уст.).

Прыналежнасць да знаці, становішча знатнага (у 2 знач.) чалавека.

зна́тны, -ая, -ае.

1. Вядомы, славуты.

Знатныя людзі краіны.

З. пчаляр.

2. Які належыць да знаці (уст.).

З. род.

знато́к, -така́, мн. -такі́, -тако́ў, м.

Той, хто валодае вялікімі ведамі ў чым-н., тонкім разуменнем чаго-н.