зво́днік, -а, мн. -і, -аў, м. (пагард.).
Чалавек, які займаецца зводніцтвам.
|| ж. зво́дніца, -ы, мн. -ы, -ніц.
зво́дніцтва, -а, н. (пагард.).
1. Карыслівае пасрэдніцтва паміж мужчынам і жанчынай для садзейнічання ўступленню іх у любоўную сувязь.
2. Пляткарства, нагаворы або падбухторванне да якіх-н. дрэнных учынкаў.
|| прым. зво́дніцкі, -ая, -ае.
зво́днічаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (пагард.).
Займацца зводніцтвам.
зво́дны, -ая, -ае.
1. Сабраны з розных месц, састаўлены з чаго-н., з розных частак.
Зводная справаздача.
З. аркестр.
2. Які даводзіцца каму-н. братам ці сястрой па мачасе або айчыму.
З. брат.
Зводныя дзеці.
зво́льніцца, -нюся, -нішся, -ніцца; зак.
Вызваліцца ад выканання якіх-н. абавязкаў, звязаных з вучобай, службай і пад.; канчаткова пакінуць месца работы.
З. з вайсковай службы.
З. з працы.
|| незак. звальня́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.
|| наз. звальне́нне, -я, н.
зво́льніць, -ню, -ніш, -ніць; -нены; зак., каго (што).
Вызваліць ад выканання якіх-н. абавязкаў, звязаных з вучобай, службай і пад.; зняць з работы.
З. у запас.
З. з работы.
|| незак. звальня́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
|| наз. звальне́нне, -я, н.
звон, зво́на і зво́ну, м.
1. -а, мн. званы́, -о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або меднага сплаву) у форме пустога ўсечанага конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком).
Царкоўны з.
Пажарны з.
Званіць ва ўсе званы (таксама перан.: расказваць усім пра што-н.).
2. -у. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары.
З. касы.
З. шклянак.
3. -у, перан. Погаласкі, плёткі.
Нечага было разносіць такі з. па сяле.
|| прым. зво́навы, -ая, -ае.
звонкагало́сы, -ая, -ае.
Са звонкім голасам.
Звонкагалосыя дзеці.
|| наз. звонкагало́сасць, -і, ж.