Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

заця́ць, затну́, затне́ш, затне́; затнём, затняце́, затну́ць; заця́ў, -цяла́, -ло́; затні́; заця́ты; зак., што.

1. Заціснуць, сцяць.

З. зубы.

З. дыханне (перан.: прыпыніць, зрабіць нячутным).

2. безас. Пазбавіць магчымасці дыхаць, гаварыць.

Замаўчаў, быццам зацяло яму мову.

Усе замоўклі надоўга, як зацяло (безас.) ім (адняло мову, голас; разм.).

Няма за што рук зацяць (разм.) — нічога няма, няма чым заняцца.

|| незак. заціна́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

зацячы́, 1 і 2 ас. не ўжыв., -цячэ́; зацёк, -цякла́, -ло́; зак.

1. Пра што-н. вадкае, цякучае: трапіць, заліцца куды-н.

Вада зацякла за каўнер.

2. Намокнуць, праняцца чым-н. вадкім.

Столь зацякла.

3. Апухнуць, ацячы.

Вока зацякло.

4. Пра часткі цела: анямець.

Ногі зацяклі.

|| незак. зацяка́ць, -а́е.

зачапі́цца, -чаплю́ся, -чэ́пішся, -чэ́піцца; зак.

1. чым, за што. Закрануўшы што-н., страціць магчымасць рухацца; закрануць сабой, якой-н. часткай цела ці адзення за што-н.

Воз зачапіўся за пень.

З. рукавом за дрот.

2. Ухапіцца, учапіцца (разм.).

З. рукамі за сук.

|| незак. зачапля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца і зачэ́плівацца, -аюся, -аешся, -аецца.

зачапі́ць, -чаплю́, -чэ́піш, -чэ́піць; -чэ́плены; зак., каго-што.

1. Захапіць, паддзець, каб прыцягнуць да сябе або злучыць з чым-н.

З. вядро на крук.

З. бервяно бусаком.

2. Выпадкова закрануць пры руху.

З. воссю за вугал.

3. перан. Усхваляваць, абудзіць якое-н. пачуццё; зняважыць чые-н. пачуцці.

З. за жывое.

З. самалюбства.

4. Пачаць гаворку з кім-н., сказаць каму-н. што-н.; закрануць у размове што-н.

Я не рада, што яе зачапіла.

З. дзяўчыну ў гаворцы.

|| незак. зачэ́пліваць, -аю, -аеш, -ае.

зачарава́нне, -я, н.

Чароўная сіла каго-, чаго-н., а таксама стан таго, хто адчувае на сабе такую сілу.

Навакольная прыгажосць выклікае з.

зачарава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; зак., каго-што.

1. Паводле забабонных уяўленняў: чарамі, магічнымі словамі падпарадкаваць сабе, заваражыць.

2. перан. Зрабіць захапляючае ўражанне.

Артыстка зачаравала сваім голасам.

|| незак. зачаро́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

зачарві́вець гл. чарвівець.

зачарне́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -е́е; зак.

Пачаць чарнець (у 2 знач.).

На полі зачарнела ралля.

зачарні́ць гл. чарніць.

зачарсцве́лы, -ая, -ае.

1. Які стаў чэрствым, зацвярдзеў.

З. кавалак хлеба.

2. перан. Бяздушны, нячулы.

Зачарсцвелая натура.

|| наз. зачарсцве́ласць, -і, ж.