захво́рванне, -я, мн. -і, -яў, н.
1. Тое, што і хвароба.
Інфекцыйныя захворванні.
2. Узнікненне хваробы.
Момант захворвання.
захілі́ць, -ілю́, -і́ліш, -і́ліць; -і́лены; зак., каго-што (разм.).
1. Засланіць, загарадзіць чым-н.
З. твар рукамі.
2. Загнуць што-н. тканае.
З. край сурвэткі.
|| незак. захіля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
|| звар. захілі́цца, -ілю́ся, -і́лішся, -і́ліцца; незак. захіля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.
захіну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; -ну́ты; зак.
1. каго-што. Засланіць, прыкрыць чым-н.
З. рукамі галаву.
2. што. Пасунуўшы, закрыць, завесіць.
З. фіранку.
3. каго-што. Ахінуць чым-н., закруціць у што-н. або схаваць куды-н., за што-н.
З. дзіця ў кажух.
З. сумку за сябе.
4. што. Закінуць адзін край адзежыны за другі.
З. полы кажуха.
5. перан., што. Зацягнуць тонкім слоем.
Туман захінуў берагі ракі.
|| незак. захіна́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| звар. захіну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся; -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; незак. захіна́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
захла́міць, -млю, -міш, -міць; -млены; зак., што.
Зрабіць захламленым.
Увесь пакой захламіў.
|| незак. захламля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е і захла́мліваць, -аю, -аеш, -ае.
захла́млены, -ая, -ае.
Застаўлены, завалены хламам, непатрэбнымі рэчамі і пад.
З. калідор.
|| наз. захла́мленасць, -і, ж.
захліпну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; зак.
1. Міжвольна спыніць, затрымаць дыханне, папярхнуцца або памерці ад папаўшага ў рот імклівага струменю паветра, дыму і пад.
З. паветрам.
Атака ворага захліпнулася (перан.: пацярпела няўдачу).
2. Адчуць цяжкасць, перабоі ў дыханні (ад якога-н. моцнага пачуцця, смеху, плачу і пад.).
З. ад радасці.
З. ад смеху.
|| незак. захліпа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
захлорафармава́ць гл. хлорафармаваць.
захлыну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; зак.
1. Задыхнуцца ад вады.
З. ў час купання.
2. перан. Перастаць дзейнічаць.
Кулямёт захлынуўся.
Атака праціўніка захлынулася.
захлю́пацца, -аюся, -аешся, -аецца; зак. (разм.).
Пакрыцца пырскамі чаго-н.
З. граззю.
захма́рыцца, -ыцца; асаб. і безас.; зак.
Зрабіцца хмарным.
Неба захмарылася.
К вечару захмарылася.
|| незак. захма́рвацца, -аецца.