Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бэ́каць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

1. Тое, што і бляяць.

2. Чытаць па літарах, па складах, няўмела.

За зіму навучыўся трохі б.

|| наз. бэ́канне, -я, н.

бэ́лька, -і, ДМ -льцы, мн. -і, -лек, ж.

Брус, які апіраецца на сцены або ўстоі і служыць падтрымкай насцілу (падлогі, столі і пад.).

Пакласці новую бэльку.

|| прым. бэ́лечны, -ая, -ае.

Бэлечнае перакрыцце.

бэ́ра, -ы, мн. бэ́ры, бэр, ж.

Пашыраны ў Беларусі гатунак позніх груш з буйнымі жоўтымі пладамі, а таксама сам такі плод.

Лошыцкая бэра — беларускі селекцыйны гатунак груш, выведзены ад слуцкай бэры.

Слуцкая бэра — стары беларускі гатунак груш народнай селекцыі, распаўсюджаны па ўсёй Беларусі, асабліва на Случчыне.

бэ́рсаць, -аю, -аеш, -ае; незак., што (разм.).

1. Блытаць, заблытваць.

Б. ніткі.

2. Няўмела або неакуратна вязаць, абвязваць, плесці.

Б. сетку.

|| наз. бэ́рсанне, -я, н.

бэ́сціць, бо́шчу, бо́сціш, бо́сціць; бо́шчаны; незак., каго-што (разм.).

1. Знеслаўляць, ганьбіць, зневажаць.

Б. добрае імя.

2. Брудзіць, трапаць, псаваць.

Б. вопратку.

|| зак. збэ́сціць, збо́шчу, збо́сціш, збо́сціць; збо́шчаны.

|| наз. бэ́шчанне, -я, н.

бэ́та-ве́рсія, -і, мн. -і, -ій, ж.

Пробная версія праграмы, распаўсюджаная для тэсціравання і выяўлення памылак.

бэ́та-прамяні́, -нёў.

Паток бэта-часціц, якія вылучаюцца радыеактыўнымі рэчывамі пры бэта-распадзе.

бэ́та-распа́д, -у, м.

Адзін з відаў радыеактыўнага ператварэння атамнага ядра.

бэ́та-часці́ца, -ы, мн. -ы, -ці́ц, ж.

Электрон або пазітрон, якія вылучаюцца пры бэта-распадзе.

бюва́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Настольная папка для папер, канвертаў.

|| прым. бюва́рны, -ая, -ае.