Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

трансфармава́ць, -му́ю, -му́еш, -му́е; -му́й; -мава́ны; зак. і незак., што.

Ператварыць (ператвараць), відазмяніць (відазмяняць).

Т. атамную энергію ў электрычную.

|| наз. трансфармава́нне, -я, н. і трансфарма́цыя, -і, ж.

трансфарма́тар¹, -а, мн. -ы, -аў, м.

Прылада для пераўтварэння відаў, форм або ўласцівасцей энергіі.

Электрычны т.

|| прым. трансфарма́тарны, -ая, -ае.

Трансфарматарная падстанцыя.

трансфарма́тар², -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Акцёр, які іграе некалькі роляў папераменна, хутка мяняючы касцюмы, грым і пад.

2. Фокуснік, які стварае аптычныя ілюзіі ператварэння адных прадметаў у другія.

трансцэндэнта́льны, -ая, -ае.

У ідэалістычнай філасофіі: які першапачаткова ўласцівы розуму, не набыты ў працэсе вопыту; апрыёрны.

|| наз. трансцэндэнта́льнасць, -і, ж.

трансцэндэ́нтны, -ая, -ае.

У ідэалістычнай філасофіі: недаступны чалавечаму пазнанню, недасягальны для чалавечага розуму.

|| наз. трансцэндэ́нтнасць, -і, ж.

тра́нты, -аў (разм.).

1. Лахманы, старая падраная адзежа, бялізна.

2. Пра жаночыя ўборы (неадабр.).

Кожны дзень новыя т. купляе.

траншэ́я, -і, мн. -і, -шэ́й, ж.

1. Роў, канава, прызначаныя для захоўвання, укладкі чаго-н.

Т. для закладкі водаправодных труб.

Сіласная т.

2. Вузкі глыбокі роў з брустверам, які злучае ў адну лінію ўсе агнявыя пункты абароны.

|| прым. траншэ́йны, -ая, -ае.

трап¹, -а, мн. -ы, -аў, м.

Лесвіца на караблі, а таксама перасоўная лесвіца для выхаду з самалёта і пасадкі.

Да самалёта падалі т.

трап², -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Адтуліна ў падлозе для сцёку вады і спуску яе ў каналізацыю.

трапа́льны, -ая, -ае.

Прызначаны для трапання валакна.

Трапальная машына.