дра́паць², -аю, -аеш, -ае; незак. (разм., пагард.).
Паспешліва адступаць, бегчы наўцёкі.
Немцы драпалі з-пад Курска аж пыл курэў.
драпе́жнік, -а, мн. -і, -аў, м.
1. Драпежная жывёліна.
Лясныя драпежнікі.
2. перан. Драпежны (у 2 знач.) чалавек.
3. перан. Той, хто нажываецца на абрабаванні каго-н., на раскрадванні грамадскага набытку.
|| ж. драпе́жніца, -ы, мн. -ы, -ніц.
|| прым. драпе́жніцкі, -ая, -ае.
драпе́жніцкі, -ая, -ае.
1. гл. драпежнік.
2. перан. Шкодніцкі, заснаваны на асабістай выгадзе.
Драпежніцкае высяканне лесу.
Драпежніцкая лоўля рыбы.
драпе́жніцтва, -а, н.
1. Спосаб існавання драпежных жывёл.
Ваўкі жывуць драпежніцтвам.
2. перан. Характар дзеянняў, уласцівых драпежніку (у 2 і 3 знач.).
3. перан. Шкодніцкае вядзенне гаспадаркі; браканьерства.
Лясное д.
Д. ў лоўлі рыбы.
драпе́жны, -ая, -ае.
1. Які корміцца жывёламі (пра звяроў, птушак і пад.).
Д. звер.
Драпежныя рыбы.
2. перан. Прагны, поўны імкнення авалодаць кім-, чым-н., захапіць што-н., а таксама такі, што выражае такое імкненне.
Драпежная натура.
Д. погляд.
|| наз. драпе́жнасць, -і, ж.
дра́піна, -ы, мн. -ы, -пін, ж.
Ранка на скуры, пашкоджанне на прадмеце ў выглядзе палоскі, зробленыя чым-н. вострым і тонкім.
Глыбокая д.
Ногі ў драпінах ад іржэўніку.
Д. на паліраваным стале.
|| памянш. дра́пінка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.
драпірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; незак., каго-што.
Абіваць, упрыгожваць якой-н. тканінай, размяшчаць што-н. прыгожымі складкамі.
Д. сцены.
|| зак. задрапірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны.
|| звар. драпірава́цца, -ру́юся, -ру́ешся, -ру́ецца; зак. задрапірава́цца, -ру́юся, -ру́ешся, -ру́ецца; -ру́йся.
|| наз. драпіро́ўка, -і, ДМ -ро́ўцы, ж. і драпірава́нне, -я, н.
драпіро́ўка, -і, ДМ -ро́ўцы, мн. -і, -ро́вак, ж.
1. гл. драпіраваць.
2. Парцьера, тканіна, якой драпіруюць што-н.
|| прым. драпіро́вачны, -ая, -ае.
драпіро́ўшчык, -а, мн. -і, -аў, м.
Майстар, які драпіруе што-н.
|| ж. драпіро́ўшчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.