Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цы́на

(н.-лац. cinna)

травяністая расліна сям. злакавых з пляскатым лісцем і аднакветкавымі каласкамі ў мяцёлках, пашыраная ў Амерыцы і Еўразіі; на Беларусі трапляецца рэдка ў яловых і мяшаных вільготных цяністых лясах.

цынвальды́т

(ад ням. Zinnwald = назва гор)

мінерал групы слюд чорнага, зялёнага або карычневага колеру са шкляным бляскам.

цынера́рыя

(н.-лац. cinerarium, ад лац. cinerarius = папялісты)

травяністая расліна сям. складанакветных з буйным серабрыста-шэрым апушаным лісцем і рознакаляровымі кветкамі ў суквеццях, якая паходзіць з Канарскіх астравоў; вырошчваецца як дэкаратыўная.

цыні́зм

(гр. kynismos)

нахабнасць, бессаромнасць, пагардлівыя адносіны да агульнапрынятых правіл маралі.

цы́нік

(лац. cinicus, ад гр. kynikos)

чалавек неэтычны, які кпіць над агульнапрынятымі звычаямі, прыніжае прызнаныя вартасці.

цы́нія

(н.-лац. zinnia, ад Zinn = прозвішча ням. батаніка 18 ст.)

травяністая расліна сям. складанакветных з буйнымі яркімі кветкавымі кошыкамі розных колераў, пашыраная ў Цэнтр. і Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

цынк

(ням. Zink)

хімічны элемент, коўкі метал сінявата-белага колеру; шырока распаўсюджаны ў прыродзе.

цынкагра́фія

(ад цынк + -графія)

1) палігр. выраб клішэ высокага друку, пры якім капіруюць на цынкавую (або з магніевых сплаваў) пласціну;

2) прадпрыемства або цэх па вырабу такіх клішэ.

цынкі́т

(ням. Zinkit)

мінерал класа вокісаў і гідравокісаў чырвонага колеру; цынкавая руда.

цынклідо́тус

(н.-лац. cinclidotus)

лістасцябловы мох сям. цынклідотавых, які трапляецца ў Зах. Дзвіне.