Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эпітэ́лій

(ад эпі- + гр. thele = сасок)

1) анат. тканка, якая пакрывае паверхню цела чалавека і жывёл, высцілае сценкі поласцей і ўнутраных полых органаў;

2) біял. покрыва з танкасценных клетак, якое высцілае некаторыя ўнутраныя поласці раслін.

эпітэ́мія

(н.-лац. epithemia)

аднаклетачная дыятомавая водарасць сям. эпітэміевых, якая пашырана ў прэсных і саланаватых вадаёмах.

эпітэрма́льны

(ад эпі- + тэрмальны);

э-ыя месцанараджэнні — залежы карысных выкапняў, адкладзеныя з гарачых мінеральных раствораў на ўмеранай глыбіні пры адносна нізкай тэмпературы (менш за 200 °С).

эпі́тэт

(гр. epitheton = літар. прыдатак)

від простага тропа, вобразнае азначэнне, якое дае дадатковую мастацкую характарыстыку прадмета ў выглядзе скрытага параўнання.

эпі́фара

(гр. epiphora = паўтарэнне)

стылістычны прыём, звязаны з паўтарэннем у канцы вершаваных радкоў аднаго і таго ж слова, рытмічнай канструкцыі, выразу (параўн. анафара).

эпіфа́уна

(ад эпі- + фауна)

сукупнасць водных арганізмаў, якія жывуць на дне вадаёмаў (параўн. інфауна).

эпіфено́мен

(ад эпі- + феномен)

1) суправаджальная, другарадная з’ява;

2) свядомасць у ідэалістычнай філасофіі, пгто разглядаецца як суправаджальны прадукт дзейнасці вышэйшай нервовай сістэмы, як вынік пасіўнага адлюстравання рэчаіснасці.

эпіфі́з

(гр. epiphysis = нарасць, шышка)

1) верхні мазгавы прыдатак; шышкападобная залоза ў пазваночных жывёл і чалавека;

2) сустаўны канец доўгіх трубчастых касцей (параўн. дыяфіз).

эпіфі́лум

(н.-лац. epiphyllum)

кустападобная расліна сям. кактусавых з лістападобнымі сцёбламі без калючак і буйнымі чырвонымі, белымі, ружовымі або жоўтымі кветкамі, пашыраная ў вільготных трапічных лясах Паўд. Амерыкі і Мексікі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

эпіфі́лы

(ад эпі- + -філ)

расліны, якія пасяляюцца на лісці іншых раслін, пераважна вечназялёных (напр. водарасці, імхі).