Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эпібіёз

(ад эпі- + -біёз)

пасяленне адных арганізмаў на паверхні другіх.

эпібле́ма

(гр. epiblema = пакрывала)

покрыўная тканка маладых каранёў раслін, якая мае такое ж паходжанне, як і эпідэрміз наземных органаў; па меры росту адмірае і замяняецца экзадэрмай.

эпібранхія́льны

(ад эпі- + гр. branchia = жабры);

э-ыя бугаркі — размешчаныя каля жабраў органы хімічнага адчування ў боканервовых малюскаў.

эпігене́з

(ад эпі- + -генез)

вучэнне аб зародкавым развіцці арганізмаў як працэсе, які ажыццяўляецца шляхам паслядоўных новаўтварэнняў.

эпігенеты́чны

(ад эпі- + генетычны)

які ўтварыўся ў выніку другасных працэсаў (напр. э-ыя радовішчы, э-ыя даліны).

эпіго́н

(гр. epigonos = нашчадак)

паслядоўнік якога-н. навуковага, палітычнага, мастацкага кірунку, які прымяняе ідэі сваіх папярэднікаў і нічога не ўносіць новага сам.

эпігра́ма

(гр. epigramma = надпіс)

1) надпіс на помніку, будынку ў старажытных грэкаў, які тлумачыў значэнне прадмета;

2) паэтычны жанр панегірычна-дыдактычнага характару ў старажытнай беларускай літаратуры;

3) кароткі сатырычны верш, у якім дасціпна высмейваецца пэўная асоба ці грамадская з’ява.

эпі́граф

(гр. epigraphe = надпіс)

1) надпіс на помніку ў старажытных грэкаў;

2) цытата, якая змяшчаецца ў пачатку твора ці асобнага раздзела і выражае асноўную ідэю твора.

эпігра́фіка

(ад гр. epigraphe = надпіс)

дапаможная гістарычная і філалагічная дысцыпліна, якая вывучае старажытныя надпісы на камені, метале, гліне і інш.

эпідо́т

(фр. epidote, ад гр. epidotos = прырошчаны)

мінерал класа сілікатаў зялёнага або бурага колеру; другасны каштоўны камень.