Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэафі́лы

(ад гр. rheos = цячэнне, паток + -філ)

жывёлы і расліны, якія прыстасаваліся да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў і здольны супрацьстаяць цячэнню.

рэахо́рд

(ад гр. rheios = цячэнне, паток + -хорд)

прыбор у выглядзе нацягнутага дроту з паўзунком, пры дапамозе якога вымяраюць электрычнае супраціўленне праваднікоў току.

рэаэнцэфалагра́фія

(ад гр. rheos = цячэнне + энцэфалаграфія)

графічны метад даследавання стану кровазвароту ў сасудах мозгу.

рэбе́к

(фр. rebec)

смычковы музычны інструмент, які з’явіўся ў Зах. Еўропе каля 12 ст. і аказаў уплыў на фарміраванне інструментаў скрыпічнага сямейства.

рэбо́рда

(фр. rebord)

кругавы выступ на краі кола, шківа, які прадухіляе сход кола з рэйкі, рэменя са шківа.

рэ́бус

(лац. rebus = пры дапамозе рэчаў, прадметаў)

1) загадка, дзе словы або фразы, якія трэба разгадаць, перадаюцца ў выглядзе камбінацый малюнкаў, літар;

2) перан. нешта загадкавае, незразумелае, мудрагелістае.

рэбу́цыя

(н.-лац. rebutia)

расліна сям. кактусавых з шарападобным калючым сцяблом і чырвонымі кветкамі, пашыраная ў высакагорных раёнах Паўд. Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца ў пакоях і аранжарэях.

рэвака́цыя

(лац. revocatio = адкліканне)

1) адкліканне дыпламатычнага прадстаўніка ці ўпаўнаважанай асобы дзяржавай або арганізацыяй, якая пасылала іх;

2) адмена перш дадзенага распараджэння, даручэння;

3) прапанова таго, хто выдаў чэк, ануляваць яго.

рэвакцына́цыя

(ад рэ- + вакцынацыя)

паўторная вакцынацыя.

рэваларыза́цыя

(ад рэ- + валарызацыя)

тое, што і рэвальвацыя.