Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

элеро́н

(фр. aileron, ад aile = крыло)

рухомы закрылак на задняй частцы крыла самалёта, які засцерагае самалёт ад крэну пры паваротах.

элеўсі́на

(н.-лац. eleusine)

расліна сям. злакавых, пашыраная ў тропіках і субтропіках; важная харчовая і кармавая культура.

элеўтэрако́к

(н.-лац. eleutherococcus, ад гр. eleutheros = вольны + kokkos = костачка)

кустовая расліна сям. араліевых з пакрытымі калючкамі галінкамі і дробнымі жаўтаватымі або лілаватымі кветкамі ў парасоніках, пашыраная ва Усх. Азіі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная і лекавая (па дзеянню блізкая да жэньшэню).

элефантыя́з

(ад гр. elephas, -antos = слон)

прыроджаная (спарадычная, сямейная) або набытая хвароба, якая характарызуецца стойкім павелічэннем асобных частак цела (рук, ног, твару і інш.); слановасць.

элі́зіум

[лац. elysium, ад гр. Elysion (pedion) = Елісейскія палі]

1) у антычнай міфалогіі месца, дзе знаходзяцца душы «праведнікаў» пасля смерці;

2) перан. рай.

элі́зія

(лац. elisio = выштурхоўванне)

лінгв. пропуск канцавога галоснага гуку ў слове, калі наступнае слова пачынаецца з галоснага.

эліксі́р

(фр. élixir, ад ар. al-iksir = філасофскі камень)

1) выцяжка з раслін ці моцны настой чаго-н. на спірце, які ўжываецца ў медыцыне і касметыцы (напр. зубны э.);

2) фантастычны напітак, які марна шукалі алхімікі як сродак, што нібыта зможа прадоўжыць чалавечае жыццё («э. жыцця»);

3) жарт. незвычайны, цудадзейны напітак.

элімінава́ць

(лац. eliminare = выганяць)

рабіць элімінацыю (напр. э. перашкоду, э. невядомы член з ураўнення).

эліміна́цыя

(лац. eliminatio = выдаленне)

1) выдаленне, ліквідацыя чаго-н.;

2) мат. выключэнне невядомага з сістэмы ўраўненняў;

3) гібель арганізмаў па розных прычынах.

элі́мус

(н.-лац. elymus)

травяністая расліна сям. злакавых з пляскатым або згорнутым лісцем і паніклым лінейным коласам, пашыраная ў нетрапічных зонах; пырэйнік.