Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэцэ́пт

(лац. receptum = прынятае, узятае)

1) пісьмовае ўказанне ўрача аб прыгатаванні і прыёме лякарстваў;

2) спосаб прыгатавання чаго-н. (напр. р. марынавання);

3) перан. настаўленне, парада, як дзейнічаць.

рэцэ́птары

(лац. receptor = той, хто прымае)

канцавыя ўтварэнні аферэнтных нервовых валокнаў, які ўспрымаюць раздражненні са знешняга (экстэрарэцэптары) або ўнутранага (інтэрарэцэптары) асяроддзя арганізма і пераўтвараюць фізічную або хімічную энергію раздражняльнікаў у нервовыя імпульсы 2, што перадаюцца па чуллівых нервовых валокнах у цэнтральную нервовую сістэму; у залежнасці ад таго, на якія раздражняльнікі рэагуюць, падзяляюцца на барарэцэптары, механарэцэптары, тэрмарэцэптары, фотарэцэптары, хемарэцэптары.

рэцэпту́ра

(ням. Rezeptur, ад лац. receptum = прынятае, узятае)

1) сукупнасць звестак аб выпісванні і прыгатаванні лякарстваў;

2) сукупнасць звестак аб прыгатаванні чаго-н. (напр. р. страў).

рэцэ́пцыя

(лац. receptio = прыняцце)

1) запазычванне дадзеным грамадствам сацыялагічных і культурных форм, што ўзніклі ў іншай краіне або ў іншую эпоху;

2) успрыманне рэцэптарамі энергіі механічных, тэрмічных, электрамагнітных, хімічных і іншых раздражняльнікаў і ператварэнне яе ў нервовыя сігналы.

рэцэсі́ўны

(ад лац. recessus = выдаленне)

які не праяўляецца, прыхаваны;

р-ая прыкмета — спадчынная прыкмета мацярынскага або бацькоўскага арганізма, якая не выявілася ў нашчадкаў першага пакалення.

рэцэ́сія

(лац. recessio)

спад вытворчасці або запавольванне тэмпаў яе росту.

рэчытаты́ў

(іт. recitativo)

напеўная размова ў вакальна-музычным творы (оперы, аперэце, араторыі і інш.).

рэ́шта

(польск. reszta, ад ням. Rest)

1) астатак чаго-н., а таксама здача (напр. атрымаць рэшту);

2) частка адрэзка часу ці адлегласці, якая засталася яшчэ нявыкарыстанай ці непераадоленай.

рээвакуа́цыя

(ад рэ- + эвакуацыя)

вяртанне насельніцтва, прадпрыемстваў, устаноў, маёмасці ў мясцовасць, адкуль была зроблена эвакуацыя.

рээвакуі́раваць

(ад рэ- + эвакуіраваць)

вяртаць назад пасля эвакуацыі насельніцтва, прадпрыемствы, установы, маёмасць.