Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фу́ксія

(н.-лац. fuchsia, ад Fuchs = прозвішча ням. батаніка 16 ст.)

дрэвавая або кустовая расліна сям. кіпрэйных з яркімі, пераважна чырвонымі кветкамі, пашыраная ў трапічнай Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

фу́кус

(лац. fucus, ад гр. phykos)

марская бурая водарасць класа цыкласпоравых, якая пашырана пераважна ў паўночных морах; выкарыстоўваецца для атрымання ёду, калійных солей, як угнаенне і корм.

фуле́

(фр. foule)

шарсцяная варсістая тканіна для жаночага паліто.

фулі́га

(н.-лац. fuligo)

слізявік сям. фізаравых, які развіваецца на гнілых пнях, на кары галінак, на сухім лісці.

фульгура́цыя

(лац. fulguratio = бліскавіца)

адзін з метадаў унутранага (праз цыстаскоп) лячэння пухлін мачавога пузыра токам высокай частаты.

фульгуры́т

(ад лац. fulgur = маланка)

пакручастае шклопадобнае трубчастае ўтварэнне, якое атрымалася з пясчынак, што сплавіліся ад удару маланкі ў пясок.

фуля́р

(фр. foulard)

1) лёгкая, мяккая шаўковая тканіна;

2) уст. хустка або насоўка з гэтай тканіны.

фумаро́лы

(іт. fumarole, ад лац. fumus = дым)

газападобныя гарачыя выдзяленні з трэшчын на схілах або каля падножжа вулканаў.

фу́мель

(ням. Fummel)

шавецкі інструмент, што ўжываецца для надання абутку бліскучай і гладкай паверхні.

фуміга́нты

(лац. fumigans, -ntis = які акурвае, дыміць)

хімічныя рэчывы (інсектыцыды, акарыцыды, фунгіцыды, гербіцыды і інш.) для знішчэння шкоднікаў сельскагаспадарчых раслін, узбуджальнікаў і пераносчыкаў хвароб.