Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэфлекто́рны

(ад лац. reflectere = адлюстроўваць)

які мае адносіны да рэфлексу, які міжвольна, несвядома рэагуе на знешняе раздражненне;

р-ая дуга — шлях, якім праходзіць рэфлекторнае ўзбуджэнне ў арганізме.

рэфо́рма

(фр. réforme, ад лац. reformare = пераўтвараць)

пераўтварэнне, перабудова чаго-н. (напр. аграрная р., р. правапісу) без змены асноў існуючай структуры.

рэфрактало́й

(ад англ. refractory = вогнетрывалы + alloy = сплаў)

гарачаўстойлівыя сплавы нікелю, кобальту, хрому і жалеза з дабаўленнем іншых элементаў; служаць для вырабу розных дэталей рэактыўных рухавікоў.

рэфрактаме́трыя

(ад лац. refractus = пераломлены + -метрыя)

раздзел фізікі, які распрацоўвае метады вымярэння паказчыкаў пераламлення святла пры дапамозе рэфрактометра.

рэфра́ктар

(ад лац. refractus = пераломлены)

тэлескоп, у якім адлюстраванне нябесных цел атрымліваецца з дапамогай лінзаў.

рэфракто́метр

(ад лац. refractus = пераломлены + -метр)

фіз. прыбор для вымярэння паказчыкаў пераламлення святла ў розных целах.

рэфрактэ́рны

(фр. refractaire, ад лац. refractarius = непакорны)

неўспрымальны;

р. перыяд — перыяд кароткачасовага рэзкага падзення ўзбуджальнасці жывых тканак (нервовай, мышачнай), які наступае пасля кожнай успышкі ўзбуджэння.

рэфра́кцыя

(лац. refractio = пераламленне)

скрыўленне напрамку распаўсюджання светлавых праменяў і радыёхваляў, калі яны праходзяць праз асяроддзе з пераменнымі фізічнымі характарыстыкамі (паказчыкамі пераламлення, шчыльнасцю, дыэлектрычнай пранікальнасцю і інш.).

рэфрыжэра́тар

(англ. refrigerator, ад лац. refrigerare = ахалоджваць)

1) частка халадзільнай машыны, у якой за кошт выпарэння вадкасці атрымліваецца нізкая тэмпература;

2) вагон-халадзільнік, судна-халадзільнік, аўтамабіль-халадзільнік для перавозкі грузаў, якія хутка псуюцца.

рэфрэ́н

(фр. refrain)

1) радок ці некалькі радкоў, якія ў пэўным парадку паўтараюцца ў вершы;

2) прыпеў у песні;

3) галоўная тэма, якая шматкратна паўтараецца ў чаргаванні з рознымі эпізодамі ў музычнай форме ронда.