Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэ́пліка

(фр. réplique, ад лац. replicare = паварочваць назад, адбіваць)

1) кароткая заўвага, пярэчанне, адказ, выкрык з месца на сходзе;

2) адказ на словы субяседніка ў сцэнічным дыялогу, а таксама канец фразы, апошнія словы адной дзеючай асобы, непасрэдна за якой гаворыць другая;

3) паўтарэнне музычнай фразы іншым голасам або ў іншай танальнасці.

рэплікава́ць

(лац. replicare = паварочваць назад, адбіваць)

выступаць з рэплікамі, даваць кароткія заўвагі на словы субяседніка.

рэпліка́цыя

(англ. replication, ад лац. peplicatio = адбіццё)

біял. стварэнне падобнай сабе структуры; у малекулярнай генетыцы — падваенне малекул дэзаксірыбануклеінавай кіслаты, якое ляжыць у аснове перадачы спадчыннай інфармацыі ад клеткі да клеткі і ад пакалення да пакалення (параўн. рэдуплікацыя, трансляцыя 2, транскрыпцыя 4).

рэпо́рт

(фр. report)

1) продаж каштоўных папер банку з абавязацельствам выкупіць іх праз пэўны час па больш высокай цане (курсу);

2) бухг. перанясенне сумы з адной старонкі на другую.

рэпрагра́фія

[ад рэпра(дукцыя) + -графія]

капіраванне дакументаў, пераважна пісьмовых і малюнкавых, фотакапіравальным, праекцыйным і мікрафільмавым метадамі.

рэпрадуктава́ць

(ад рэ- + лац. producere = рабіць, ствараць)

1) рабіць рэпрадукцыю 1 чаго-н.;

2) псіх. аднаўляць тое, што захавалася ў памяці.

рэпраду́ктар

(ад рэ- + лац. producere = рабіць, ствараць)

1) апарат для ўзнаўлення гуку, які перадаецца радыёвяшчальнымі станцыямі; гучнагаварыцель;

2) гаспадарка, якая спецыялізуецца на гадоўлі маладняку ці вырошчванні гатунковага насення.

рэпраду́кцыя

(ад рэ- + лац. productio = стварэнне)

1) перадрукаваны малюнак, карціна, фотаздымак (на паштоўцы, у часопісе, кнізе і г.д.), а таксама перадрукоўванне малюнка, карціны, фотаздымка;

2) біял. узнаўленне, размнажэнне племянной жывёлы ці сартавога насення;

3) псіх. узнаўленне чаго-н., што захавалася ў памяці.

рэпрыватыза́цыя

(ад рэ- + прыватызацыя)

тое, што і дэнацыяналізацыя.

рэпры́за

(фр. reprise = аднаўленне, паўтарэнне)

1) паўтарэнне аднаго з раздзелаў музычнага твора, а таксама нотны знак гэтага паўтарэння;

2) кароткі жартоўны нумар, які выконваюць клоуны або іншыя артысты размоўнага жанру ў цырку і на эстрадзе;

3) паўторны ўдар у фехтаванні;

4) пераход каня на алюр пасля ўзяцця перашкоды.