гра́віс
(лац. gravis = цяжкі)
1) тон складоў у старажытнагрэчаскай мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу; супрацьпастаўляецца акуту;
2) від націску ў шведскай мове;
3) дыякрытычны знак (`), які абазначае ў французскай графіцы ступень адкрытасці галосных.
гравіта́цыя
(ад лац. gravitas, -atis = цяжар)
фіз. сусветнае прыцягненне; уласцівасць узаемапрыцяжэння цел.
гравіто́н
(ад лац. gravitas = цяжар)
гіпатэтычны квант гравітацыйнага поля, аналагічны фатону.
гравю́ра
(фр. gravure)
малюнак, выразаны на цвёрдым матэрыяле (метале, дрэве, шкле), а таксама адбітак такога малюнка на паперы.
град
(лац. gradus = крок, ступень)
адзінка вымярэння плоскага вугла ў метрычнай сістэме мер 18 ст., роўная сотай частцы прамога вугла.
града́цыя
(лац. gradatio = паступовае павышэнне, узмацненне)
1) паслядоўнасць, паступовасць пераходу ад аднаго да другога, размеркаванне аднародных прадметаў, паняццяў па ступені якасці або па колькасці;
2) стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што ў вершаваных радках групуюцца словы ці выразы з узмацненнем (клімакс 2) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальнага і сэнсавага зместу.
градзі́раваць
(ням. gradieren)
выпарваць ваду з салянага раствору ў градзірнях.
градзі́рня
(ад ням. gradieren = згушчаць саляны раствор)
1) спецыяльнае збудаванне для згушчэння саляных раствораў выпарэннем вады;
2) збудаванне ў выглядзе вежы для ахаладжэння вады атмасферным паветрам.
градуі́раваць
(ням. graduieren, ад лац. gradus = ступень)
наносіць дзяленні на які-н. вымяральны прыбор.
гра́дус
(лац. gradus = ступень)
1) адзінка вымярэння вугла або дугі, роўная 1/90 прамога вугла або адпаведна 1/360 акружнасці;
2) адзінка вымярэння тэмпературы (розная па розных тэмпературных шкалах — Цэльсія, Кельвіна, Рэамюра, Фарэнгейта);
3) адзінка вымярэння працэнтнай насычанасці спіртам некаторых напіткаў.