Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экамо́рфы

(ад эка- + -морфы)

жыццёвыя формы раслін у іх адносінах да ўмоў знешняга асяроддзя.

эканама́йзер

(англ. economizer)

1) прыстасаванне для награвання вады ў кацельных устаноўках, паветра ў цеплаабменных апаратах цеплынёй дымавых газаў ці адпрацаванай парай;

2) прыстасаванне ў карбюратары рухавіка ўнутранага згарання, якое служыць для абагачэння гаручай сумесі пры максімальнай нагрузцы.

эканаме́трыя

(ад эканоміка + -метрыя)

вывучэнне эканамічных з’яў і працэсаў сродкамі матэматычнага і статыстычнага аналізу.

эканамі́зм

(ад эканомія)

плынь у рускім сацыял-дэмакратычным руху ў канцы 19 — пач. 20 ст., прыхільнікі якой абмяжоўвалі рабочы рух эканамічнай барацьбой, лічачы палітычную барацьбу справай ліберальнай буржуазіі.

эканамі́чны

(гр. oikonomikos = гаспадарчы)

1) які датычыць эканомікі або палітычнай эканоміі;

2) атрыманы ў выніку рацыянальнага выкарыстання метадаў працы, новых матэрыялаў;

3) матэрыяльны, грашовы;

4) выгадны ў гаспадарчых адносінах.

экано́м

(гр. oikonomos)

загадчык гаспадаркі.

экано́міка

(гр. oikonomike, ад oikos = жыллё + nomos = закон)

1) сукупнасць вытворчых адносін на пэўным этапе развіцця грамадства;

2) народная гаспадарка краіны, вобласці, раёна, якой-н. галіны грамадскай дзейнасці (напр. э. Беларусі, э. гандлю);

3) навуковая дысцыпліна, якая вывучае тую ці іншую галіну гаспадаркі (напр. э. бульбаводства).

экано́мія

(гр. oikonomia = загадванне гаспадаркай)

1) ашчаднасць, беражлівасць пры расходаванні чаго-н.;

2) уст. памешчыцкая гаспадарка капіталістычнага тыпу;

3) выгада, якая атрымліваецца пры ашчадным расходаванні чаго-н.

экасе́з

(фр. écossaise, ад écossais = шатландскі)

шатландскі народны танец тыпу кадрылі, які з канца 17 ст. атрымаў шырокае распаўсюджанне як бальны, а таксама музыка да гэтага танца.

экасістэ́ма

(ад эка- + сістэма)

адзіны прыродны комплекс, утвораны жывымі арганізмамі і ўмовамі іх існавання, што звязаны паміж сабой абменам рэчываў і энергіі (параўн. біягеацэноз).