Сухаве́трыца ’сухавей’ (Сл. ПЗБ, Рагаўц.), сюды ж, відаць, сухаве́траны ’смярдзючы, з непрыемным пахам’ (Ян.). Да спалучэння суха (гл. сухі) і ве́цер (гл.), магчыма, пад уплывам літ. saũsvejis, гл. сухавей.
*Сухаве́я, сухови́я ’недахоп, няхватка, дрэнныя справы’ (Клім.). Відаць, семантычнае перасэнсаванне сухавея ’суша, засуха’, гл. сухавей; параўн. ЕСУМ, 5, 488.
Сухаві́цкі ’худы’ (Ян.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад сухі, сухаваты, аформленае як прозвішча на ‑цкі (‑скі).
*Сухавя́лка, сухоўялка ’хударлявы чалавек’ (ТС). Да сухі і вяць, вянуць, гл.
Сухадо́л ’бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Яруш., Бяльк., Касп.), ’сенажаць на нізкім, але сухім месцы’ (БРС), ’роў з крутымі берагамі, які ўтварыўся ад веснавых вод’ (слаўг., шчуч., Яшк.), ’нізкае месца, якое заліваецца вясной; у іншую пару года звычайна сухое’ (усх.-палес., Талстой, Геогр.), ст.-бел. суходо́лъ ’сухая даліна, сухое нізкае месца’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суходо́л, суході́л, рус. суходо́л ’тс’. Да сухі і дол (гл.). Талстой (там жа, 129) адзначае нехарактэрнасць складаных слоў з першым элементам сух‑ для сучасных заходніх і паўднёвых славянскіх моў, параўн. славен. suhi dol, suha struga, але дадзеныя тапанімікі сведчаць аб існаванні аналагічнай словаўтваральнай мадэлі, параўн. славен. Suhodol, Suhodolnik.
Сухадо́лька ’расліна бяссмертнік’ (Сцяшк.), сухадо́лькі ’цмін’ (Сл. ПЗБ). Відаць, да папярэдняга слова (’расліна, што расце па сухадолах’), параўн., аднак, сухавейка, гл.
Сухадрэ́ўка, сухадрэ́ўца ’бружмель, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс., Расл. св.). Да сухі (паводле ўласцівасцей драўніны) і дрэва (гл.); параўн. сухадрэ́віна ’засохлае на карані дрэва’ (ТСБМ), іншую зафіксаваную назву расліны дрэва сухое (гродз., Кіс.) у якасці батанічнага тэрміна з польск. suchodrzewka, suche drzewko ’бружмель’.
Сухаду́шына ’ўдар кулаком у хрыбет, моцны ўдар’ (Нас., Бяльк.), ’сухотнік’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, утворана на базе прыметніка сухаду́шны ’слабасільны’ (Нас.), што да сухі́ ’слабы, хілы; пусты’, параўн. слабаду́шны, маладу́шны, рус. тщеду́шный ’слабасільны’ і пад., другая частка звязана з дух (гл.), параўн. слабы́ ду́хам ’няўстойлівы, падатлівы’. Значэнне ’ўдар’, відаць, на аснове ду́хам ’мігам, хутка’, адны́м ду́хам (ды́хам) ’раптам, за адзін раз’ (ТСБМ), гл. таксама дыхаць; да семантыкі параўн. польск. suche razy ’біццё без крыві’.
*Сухае́жка, сухое́жка ’сухамятка’ (ТС). Да сухі (гл.) і ежа ’яда’, параўн. сухая ежа (яда) ’тс’ (Некр. і Байк.); самастойнае ўтварэнне, параўн. рус. сухоядение ’тс’, балг. сухоя́жбина ’тс’, макед. сувојадење ’тс’ і пад.
Сухажы́лле ’злучэнне мышцаў з касцямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сухажы́льля ’тс’ (Ласт.). Да сухі і жыла (гл.), параўн. польск. sucha żyła, старое suchożyła ’нерв’, ’сухажылле’, в.-луж. sucha żił(k)a ’сухажылле’, у якасці анатамічнага тэрміна, магчыма, запазычана з рус. сухожи́лие ’тс’.