Сухадо́л ’бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Яруш., Бяльк., Касп.), ’сенажаць на нізкім, але сухім месцы’ (БРС), ’роў з крутымі берагамі, які ўтварыўся ад веснавых вод’ (слаўг., шчуч., Яшк.), ’нізкае месца, якое заліваецца вясной; у іншую пару года звычайна сухое’ (усх.-палес., Талстой, Геогр.), ст.-бел. суходо́лъ ’сухая даліна, сухое нізкае месца’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суходо́л, суході́л, рус. суходо́л ’тс’. Да сухі і дол (гл.). Талстой (там жа, 129) адзначае нехарактэрнасць складаных слоў з першым элементам сух‑ для сучасных заходніх і паўднёвых славянскіх моў, параўн. славен. suhi dol, suha struga, але дадзеныя тапанімікі сведчаць аб існаванні аналагічнай словаўтваральнай мадэлі, параўн. славен. Suhodol, Suhodolnik.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)