Дол 1 ’ніз, зямля’. Прасл. *dolъ (агляд значэнняў гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 64–65): рус. дол, укр. діл, чэш. důl, польск. dół, балг. дол, ст.-слав. долъ. Лічыцца роднасным з гоц. dal ’даліна, нізіна’, ст.-ісл. dalr, ст.-в.-ням. tal ’даліна’ (параўн. таксама ў кельцкіх мовах dol ’даліна’). Гл. Фасмер, 1, 523; Бернекер, 1, 208–209, Трубачоў, Эт. сл., 5, 65 (апошні падкрэслівае, што вельмі характэрным з’яўляецца адсутнасць роднасных форм у балт. мовах, дзе паняцце ямы, нізіны выражаецца асновай *daub‑, *duob‑).
Дол 2 ’магіла’ (Сцяшк.). Зыходзячы з спецыфічнага значэння слова (’магіла’), можна думаць, што гэта непасрэднае запазычанне з польск. dół (прасл. *dolъ), якое сярод іншых мае і семантыку ’магіла’. Агляд форм гл. у Трубачова (Эт. сл., 5, 64–65), які лічыць (неабгрунтавана) бел. дол ’магіла’ спрадвечнай лексемай. Іменна значэнне слова і яго геаграфія (зах. гаворкі бел. мовы) сведчаць аб запазычанні гэтай лексемы з усх.-польск. гаворак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)