Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Саснякі́ ’лісічкі’ (Сл. рэг. лекс.). Да сасно́вы < сасна.

Сасо́к ’знешняя частка малочнай залозы млекакормячых і чалавека ў выглядзе шышачкі, з якой дзіцё ссе малако’ (ТСБМ; в.-дзв., Сл. ПЗБ). Рус. сосо́к ’тс’, ст.-чэш. sesek, славац. sosok, sosec, ст.-слав. съсьць ’сасок’, ст.-рус. съсъкъ, съсъ ’сасок’. Да прасл. *sъsati ’ссаць’. Гл. Фасмер, 3, 725; Махэк₂, 538.

*Сасо́нка, со́сонка ’хвошч палявы, Equisetum arwense L.’ (Бейл.). Укр. со́сонка ’тс’. Вытворнае ад сасна (гл.), расліна названа па знешняму падабенству. Параўн. рус. со́сенник ’Equisetum pratense Ehrh.’ (Аненкаў, 58), а таксама назвы для Hippuris vulgaris L.: рус. со́сенка, польск. sosnoweczka (гл. Махэк, Jména rostl., 151 і наст.).

Сасо́ннік ’сон-трава Anemone pulsatilla L.’ (Шат.), сасну́лькі ’сон’ (астрав., Сл. ПЗБ). Польск. sasanka, sesenki, чэш. sasanka, серб.-харв. sása ’тс’, балг. сасан ’Hepatica triloba’, сасанка ’тс’, дыял. таксама сасенка; сюды ж, магчыма, і рус. сазончики ’Anemone pulsatilla L.’ і самсонички ’Pulsatilla pratens Mill.’ Неяснае слова. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) мяркуе, што славянскія словы — гэта запазычанне са ст.-грэч. σουσον ’лілея’, якое на славянскай глебе падверглася розным пераўтварэнням і ўплыву народнай этымалогіі, якая звязала назву гэтай расліны з сон (гл. сон-трава). Грэч. слова Дурыданаў звязвае з ст.-егіпец. s‑š‑n ’лотас’, копц. šošen ’лілея’, ст.-яўр. šošan, араб. susan ’лілея’, пярс. susän ’лілея, касач’, тат. susan ’касач’. Для беларускага слова магчыма польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538, выклад гіпотэзы Дурыданава.

Саста́ў ’сукупнасць частак, прадметаў, якія складаюць цэлае; склад’ (ТСБМ). Рус. соста́в, ст.-рус., ст.-слав. съставъ. У сучаснай беларускай мове з рускай, на што ўказвае прыстаўка са‑ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 56). Да со‑ставитъ; лічаць (гл. Фасмер, 3, 727 і наст.) калькай грэч. слова.

Сасу́д ’трубчасты орган у целе чалавека ці жывёлы, па якім цячэ кроў або лімфа; у раслін — трубка, па якой праходзяць вільгаць з растворанымі мінеральнымі салямі і іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), сасу́д, сасу́да ’тс’ (Сл. ПЗБ). Ст.-бел. сосудъ, судъ ’чаша, судзіна’ (Альтбаўэр). Мажліва паўторнае запазычанне з рус. сосу́д (Крукоўскі, Уплыў, 56), дзе з *sъ + *sǫdъ; гл. суд2 (Фасмер, 3, 728).

Сатана́ ’у некаторых рэлігіях — злы дух, які супрацьстаіць богу, д’ябал’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сата́н ’сатана; надакучлівы чалавек’ (Нас.), са́тан, сатана́ ’сатана’, сата́нье ’чэрці’ (ТС). Укр., рус. сатана́, ст.-рус. сатана, ст.-слав. сотона, чэш. satan, satanáš, славац., н.-луж., в.-луж. satan, серб.-харв., славен. sotona, балг. сатана, сатона, макед. satana. Старажытнае запазычанне з грэч. σατανας, якое са ст.-яўр. sāţān (Міклашыч, 317; Фасмер, 3, 565; Кіпарскі, Gemeinslaw., 130), а не з гоц. satana, як лічаць Стэндэр–Петарсан (Slaw.-germ., 430 і наст.), Махэк₂, 538. Форму сатана Фасмер (там жа) тлумачыць другасным прыстасаваннем да грэч. формы. Сюды ж сатані́ць ’сварыць каго-небудзь з кім-небудзь’, ’шкодзіць’, ’зводзіць, падбухторваць’.

Са́тка ’вязаная хустка’ (Жд. 1). Да саткаць (гл. ткаць). Поўная словаўтваральная паралель у чэш. zatka ’корак’ < zatknoiti ’заткнуць’.

Сатні (Прынісла Калида рышато блиноў Ды начоўки сатнёўвіц., Рам., 8, 129). Гл. сачэнь (сачні > сацні > сатні), відавочна, з т‑ гіперкарэктным у цокаючых гаворках.

Сатра́п ’правіцель у старажытнай Персіі’ (ТСБМ). Відаць, запазычанне з рус. сатра́п ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74). Рус. праз грэч. σατράπης са ст.-пярс. xs̆adrapavan ’даглядальнік страны’ (ССРЛЯ, 13, 202), якое ад xs̆ara ’вобласць, правінцыя’ і pa(y)‑ ’кіраваць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 482). Ст.-бел. сатрапъ ’правіцель у старажытнай Персіі’, паводле Булыкі, Лекс. запазыч., 28, праз грэчаскую мову са ст.-пярс. sitrab.