Сачэ́нь ’выраб з кіслага або прэснага цеста ў выглядзе тоўстага бліна без начыння’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Малч., Шн. 3, Нар. сл.), сачэ́нь, сашэ́нь ’тс’ (Сл. ПЗБ), паўн.-усх. сачэ́нь, цацэ́нь, чачэ́нь (Цыхун, Бел.-рус. ізал., 90), сачэ́нь ’буханка хлеба, абкачаная ў муку’ (рас., Шатал.), ст.-бел. сачень ’праснак’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн.-усх., усх. со́чень ’від перапечкі на канапляным алеі’, пск. соче́нь ’перапечка’, смал. саче́нь, сачни́ ’бліны’. Ад сок 1 (гл.), гл. Міклашыч 313; Фасмер, 3, 730. Сумесная беларуска-руская інавацыя з цэнтрам на рускай тэрыторыі; гл. аб гэтым Цыхун, там жа, 90.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)