Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сухадо́л ’бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Яруш., Бяльк., Касп.), ’сенажаць на нізкім, але сухім месцы’ (БРС), ’роў з крутымі берагамі, які ўтварыўся ад веснавых вод’ (слаўг., шчуч., Яшк.), ’нізкае месца, якое заліваецца вясной; у іншую пару года звычайна сухое’ (усх.-палес., Талстой, Геогр.), ст.-бел. суходо́лъ ’сухая даліна, сухое нізкае месца’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суходо́л, суході́л, рус. суходо́л ’тс’. Да сухі і дол (гл.). Талстой (там жа, 129) адзначае нехарактэрнасць складаных слоў з першым элементам сух‑ для сучасных заходніх і паўднёвых славянскіх моў, параўн. славен. suhi dol, suha struga, але дадзеныя тапанімікі сведчаць аб існаванні аналагічнай словаўтваральнай мадэлі, параўн. славен. Suhodol, Suhodolnik.

Сухадо́лька ’расліна бяссмертнік’ (Сцяшк.), сухадо́лькі ’цмін’ (Сл. ПЗБ). Відаць, да папярэдняга слова (’расліна, што расце па сухадолах’), параўн., аднак, сухавейка, гл.

Сухадрэ́ўка, сухадрэ́ўца ’бружмель, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс., Расл. св.). Да сухі (паводле ўласцівасцей драўніны) і дрэва (гл.); параўн. сухадрэ́віна ’засохлае на карані дрэва’ (ТСБМ), іншую зафіксаваную назву расліны дрэва сухое (гродз., Кіс.) у якасці батанічнага тэрміна з польск. suchodrzewka, suche drzewko ’бружмель’.

Сухаду́шына ’ўдар кулаком у хрыбет, моцны ўдар’ (Нас., Бяльк.), ’сухотнік’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, утворана на базе прыметніка сухаду́шны ’слабасільны’ (Нас.), што да сухі́ ’слабы, хілы; пусты’, параўн. слабаду́шны, маладу́шны, рус. тщеду́шный ’слабасільны’ і пад., другая частка звязана з дух (гл.), параўн. слабы́ ду́хам ’няўстойлівы, падатлівы’. Значэнне ’ўдар’, відаць, на аснове ду́хам ’мігам, хутка’, адны́м ду́хам (ды́хам) ’раптам, за адзін раз’ (ТСБМ), гл. таксама дыхаць; да семантыкі параўн. польск. suche razy ’біццё без крыві’.

*Сухае́жка, сухое́жка ’сухамятка’ (ТС). Да сухі (гл.) і ежа ’яда’, параўн. сухая ежа (яда) ’тс’ (Некр. і Байк.); самастойнае ўтварэнне, параўн. рус. сухоядение ’тс’, балг. сухоя́жбина ’тс’, макед. сувојадење ’тс’ і пад.

Сухажы́лле ’злучэнне мышцаў з касцямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сухажы́льля ’тс’ (Ласт.). Да сухі і жыла (гл.), параўн. польск. sucha żyła, старое suchożyła ’нерв’, ’сухажылле’, в.-луж. sucha żił(k)a ’сухажылле’, у якасці анатамічнага тэрміна, магчыма, запазычана з рус. сухожи́лие ’тс’.

Сухазе́лле ’нейкая расліна (?)’ (Я. Купала), ’цмін пясчаны, Helichrysum arenatum (L.) D. С.’ (гродз., Кіс.; Расл. св.). Магчыма, са спалучэння ⁺cyxo‑ (< *ѕuxъ, гл. сухі) і зелле (гл.), параўн. пустазелле (< + пусто‑зелье); значэнне ’сухі’ адпавядае знешнім фізічным якасцям расліны, параўн. іншыя назвы сухадо́лька, сухалёткі ’тс’ (Расл. св.), польск. suche ziele ’сушаніца’ і пад.

Сухазе́мны ’сухапутны, характэрны для сушы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), сухазе́мʼе ’цвёрдая зямля, суша’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З суха‑ (гл. сухі) і зем‑ (гл. зямля), аналагічна да чарназемны, чарназемʼе.

Сухазло́тка ’тонкія пласцінкі золата для аздобы, сусальнае золата’ (Гарэц.), параўн. укр. сухозоло́тица ’тс’. Відавочна, па фанетычных прыкметах паланізм; параўн. сухапазлача́ны ’колер фарбы пад золата’ (Варл.).

Сухале́снік ’брызгліна, Euonymus europaea L.’ (гродз., Кіс.). Несумненна, звязаны з сухале́с ’сухія дрэвы ў лесе’, сухале́ссе ’сухі хваёвы лес (без забалаццяў)’ (Янк. 3.), сухолес́ок ’сухое месца, грудок’ (люб., Сл. ПЗБ), сухо́лесок ’сухое месца сярод балота, парослае лесам’, сухоле́сок ’лісцевы лес на роўным ці ўзвышаным месцы’ (палес., Талстой, Геогр.), што да сухі і лес, гл. Матывацыя назвы расліны няясная (Янышкава, Этимология–1985, 46), магчыма, паводле месца, дзе часцей за ўсё сустракаецца, або ў выніку збліжэння з сухалі́снік, назвай расліны (?), пераклад рус. сухоли́стник (Некр. і Байк.).