Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сурві́на ’сасна з адным больш смалістым бокам’ (Касп.). Этымалагічна непразрыстае слова. Можна звязаць з балг. і макед. су́рвы, сурвѝски ’абрадавыя галінкі, дубчыкі, кіёчкі, якімі ўдзельнікі навагодніх абходаў б’юць гаспадароў з пажаданнямі здароўя, ураджаю і пад.’, што, паводле Младэнава, утвораны ад суров са значэннем ’моцны, здаровы’; параўн. побач з пажаданнем сурва година! варыянт сурова, весела година! і суров(а) даси! (Плотнікава, Этнолингв. геогр., 106). Гл. суровы; да фанетыкі параўн. дзе́рва ’дрэва’, ’стрэмка’ (Стан.) < дзерава, гл.

Сурвэ́та, сурвэ́тка ’кавалак тканіны або паперы для гігіенічных мэт’, ’абрус’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сурвэ́та, сарвэ́та ’абрус, настольнік’ (паст., швянч., брасл., Сл. ПЗБ), сурвэ́та ’сурвэтка’ (Сцяшк.), ’цырата’ (Гіл.), ’святочны абрус фабрычнай работы з узорамі’ (ДАБМ, камент., 925), сурвато́ўка ’фабрычнага вырабу хустка з узорамі’ (маладз., Гіл.), ст.-бел. сервета ’абрус, настольнік’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. serweta, якое ад франц. serviette < servir ’служыць’ (Кюнэ, Poln., 96; SWO, 679). Гл. яшчэ сарвэта.

Сурга́н ’неспакойны хлопец’ (Бяльк.); прозвішча Сурганаў Бірыла (Бел. антр., 3, 399) параўноўвае з укр. жарт. сурга́нити ’прасці’, сурга́нитися ’з цяжкасцю ісці, ехаць, клясціся’. Няясна; параўн. ЕСУМ (5, 479).

Сургу́ч ’сумесь смалы, воску і пад.’ (ТСБМ). Фіксуецца з 1713 г., запазычана з рус. сургу́ч (Булыка, Лекс. запазыч., 60), якое, як мяркуюць (Менгес, Language, 20, 70), з с.-цюрк. surgač ’фарбавальнае рэчыва для замацавання ляза ў дзяржанні нажа’, гл. Фасмер (3, 806). Няясна, ці сюды ж сургу́чык ’прылада выціскаць сыр’ (Сцяшк. Сл.).

Сурдзі́на, сурдзі́нка ’прыстасаванне для прыглушэння гуку ў музычных інструментах’ (ТСБМ), сурды́на ’тс’ (Некр. і Байк.), пад сурдзі́нку (сурды́нку) ’ціха, прыглушана; цішком, употай’ (ТСБМ; Полымя, 1998, 3, 248). Праз рус. сурдина або польск. surdyna з франц. sourdine < італ. sordina (sordino) ’тс’, утворанага ад sordo ’глухі, прыглушаны’, што, у сваю чаргу, узыходзіць да лац. surdus ’глухі, які глуха гучыць’ (Фасмер, 3, 806; ЕСУМ, 5, 479).

Сурдо́лле. Гл. сурада.

Сурдула́к ’нелюдзімы чалавек’, сурдула́чыцца ’ухіляцца ад людзей’ (Яўс.). Няясна. Відаць, да сурдо́лле, гл. сурада.

Сурду́т ’мужчынская двухбортная вопратка з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Шн. 3), ’мужчынскае верхняе адзенне’, ’верхняе мужчынскае адзенне з самаробнага сукна’ (Скарбы), сурду́к ’тс’ (Нас., Жд. 3), сурду́шчык ’верхняе святочнае адзенне з тонкага сукна на ватнай падкладцы’ (ашм., Малч.). З польск. surdut ’тс’, якое з франц. surtout ’тс’ (Кюнэ, Poln., 100). Форма з ‑к, магчыма, пад уплывам рус. сюрту́к ’тс’, адкуль, відаць, і беласт. суртук ’тс’ (Вруб.), або сарда́к, гл.

Сур’ёзны ’паважны, грунтоўны, змястоўны, значны; задумлівы, заклапочаны’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’строгі, важны, упэўнены ў сабе’ (Ласт.), ’суровы’ (ТС), ’злы, куслівы’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сурʼёз ’паважнасць, строгасць’ (ТСБМ). Адаптаванае запазычанне праз рус. серьёзный ’паважны, значны, строгі’ з франц. sérieux (ж. р. sérieuse), звязанага з лац. sērius ’важкі’ (ЕСУМ, 5, 220; Чарных, 2, 158; Фасмер, 3, 612). Змены ў пачатку слова, як і ў размоўным рус. сурьёзный, тлумачацца ўплывам блізкага па значэнню суровы, гл. (Маліноўскі, PF, 3, 752).

Су́ржык старое ’мука з сумесі розных культур’ (валож., ЛА, 4; Малч.). Укр. су́ржик, су́ржиця, рус. су́ржанка, су́ржик, польск. дыял. sążyca, sąrżyca ’жыта (сеянае) напалову з пшаніцай’, чэш. souržice, sourež, славац. suržica ’сумесь пшаніцы і жыта або аўса і ячменю’, серб.-харв. су̀ражица, су̀ржица, славен. sọ́ršica, балг. су́ръжица ’тс’. Прасл. *sǫržica < *sǫrъžь, ад *sǫ‑ ’су-’ і *rъžь ’жыта’, гл. рож (Фасмер, 3, 806; Праабражэнскі, 2, 211; Філін, Образ., 113; Брукнер, 482; Махэк₂, 513; Скок, 3, 116; ЕСУМ, 5, 479). Гл. спецыяльна Борысь (Prefiks., 122–123), дзе прыводзяцца і іншыя суфіксальныя варыянты слова.